Балонскі працэс вачыма кіраўнікоў ВНУ: Каб не зламаць сваё ў гэтай мітусні

14-15 траўня на саміце ў Ерэване стане канчаткова зразумела, ці возьмуць Беларусь у Балонскі працэс з другога разу. Што чакаюць ад гэтага кіраўнікі беларускіх універсітэтаў?

Прарэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Каспяровіч:

— Гэта магчымасць уключанага навучання, калі студэнт едзе вучыцца за мяжу, таксама гэта перспектывы запрашаць выкладчыкаў да нас, не толькі постсавецкіх, што ёсць і цяпер. Але гэта можа прывесці і да адтоку студэнтаў. Усё магчыма, трэба проста займацца якасцю сваёй адукацыі. Што да інжынерна-тэхнічнай адукацыі — пытанне па раздзяленні бакалаўра і магістра. Бо працадаўцы лічаць бакалаўраў проста шырокімі спецыялістамі.

Прарэктар па вучэбнай працы Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Мікалай Бузук:

— Наша адукацыя ўжо налічвае 100-гадовую гісторыю, і яна можа быць паламаная ў гэтай сумятні. Вы ж бачыце, апошнія 15 гадоў. Калі мы спрабуем уступіць у гэты працэс, гэтая ломка адбываецца, і добрага ад гэтага менш, чым дрэннага. Напрыклад, не можам ажыццявіць хаця б два-тры выпускі з адной спецыяльнасці, якія б вучыліся па адным плане.

Рэктар БДУ Сяргей Абламейка:

— Адукацыйны працэс не зменіцца. На бакалаўраў і магістрантаў мы даўно перайшлі па большасці спецыяльнасцяў. Каля тысячы студэнтаў кожны год і так ездзіць на стажыроўкі. БДУ гатовы да гэтага, будзем мы там ці не будзем, мы будзем працаваць як і раней.

Першы прарэктар Баранавіцкага ўніверсітэта Таццяна Якубовіч:

— Калі ты яшчэ не ўдзельнік гэтага працэсу, рана падлічваць плюсы. Будзе студэнцкая мабільнасць, але гэтым і цяпер ніхто не перашкаджае займацца. Гэта проста рух наперад.

Упершыню Беларусь падавалася на ўступленне ў Балонскі працэс у 2012 годзе і не ўступіла. Тады міністры еўрапейскай прасторы адукацыі казалі аб невыкананні базавых прынцыпаў: самакіраванне студэнтаў, акадэмічная аўтаномнасць, акадэмічныя свабоды.

Балонскі працэс — гэта працэс стварэння Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, куды ўваходзяць 47 краін, у тым ліку ўсе нашы суседзі. Гэта дае магчымасць, напрыклад, стажыроўкі за мяжой для студэнтаў і выкладчыкаў, але накладае і абавязкі: акадэмічныя свабоды і аўтаномнасць.

Беларусь у Балонскім працэсе: што зменіцца для студэнтаў і выкладчыкаў

Фота: elearning-tour.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі