Бананы і куры, на якія адпусцілі кошты, падаражэлі на 20% за два месяцы!

“Нічога сабе падвышэнне коштаў”, — падумала я сабе, калі забегла з працы ў фірмовую мясную краму “Гурман”.

“Курынае філе — 64 тысячы рублёў за кіло, мы пад Новы год кошты яшчэ паднялі”, — прызнаюцца ў краме, якая два месяцы таму даведалася ад Еўрарадыё пра тое, што кошты можна адпускаць.

За два месяцы кураціна вырасла ў коштах болей чым на 20%! У краме ля дома кураціна каштуе заўважна танней — 48 тысяч рублёў за кіло. Прыкладна такія ж кошты на сталічнай “Камароўцы”: тут філе можна набыць па 48-52 тысячы. Нагадаем, кошты на кураціну, як і на сыры, бананы, апельсіны, лімоны ды рыбу, дзяржава перастала кантраляваць два месяцы таму.

На сталічным Камароўскім рынку пакупнікоў не так і шмат. Кошты на больш не сацыяльныя апельсіны ды лімоны быццам бы застаюцца на месцы: адпаведна 18-20 тысяч рублёў. З больш не сацыяльна значных падаражэлі толькі бананы.

“Бананы нармальнай якасці — у раёне 15 000 за кіло, а горшыя — па 13 000 рублёў”, — яшчэ два месяцы таму адборныя бананы можна было набыць за 11-12 тысяч рублёў за кіло.

У крамах бананы даражэйшыя — “Ласунак” ды “Васількі” прадаюць па 17 000 за кіло.

Болей за ўсё кошты выраслі на сыры. Калі з месяц таму сыры беларускай вытворчасці каштавалі каля 60-80 тысяч рублёў, дык цяпер ніжняя мяжа — 70 тысяч. Беларускія сыры цяпер каштуюць гэтак жа, як і імпартныя — у межах 90-100 тысяч за кіло.

Прадаўцы разводзяць рукамі: чаму такія высокія кошты, не ведаюць. А вось на Слуцкім сыраробным камбінаце Еўрарадыё расказваюць, што яны нерэнтабельныя. З 200 найменняў прадукцыі зарабляюць толькі на… марожаным і маянэзе!

“Наша прадукцыя дарагая, бо падымаліся адпускныя кошты на малако, а адпускныя цэны нам ніхто не дае. Мы нерэнтабельныя — у нас мінус 16-18% рэнтабельнасць! Кошты на сыры адпусцілі, але для нас адпускныя кошты засталіся на ранейшым ўзроўні”.

На Слуцкім сыраробным камбінаце прыводзяць прыклад: адпускны кошт слуцкага сыра “Пашахонскі” — 49 тысяч, а да пакупніка ён даходзіць ледзь не ўдвая даражэйшым.

“Пастанова прыйшла, што яны адпусцілі кошты, да прыкладу, на сыры, а зноў жа — я павысіць кошты не магу, бо ніхто нам адпускныя кошты не дазваляў падымаць! Была ў антыманапольным камітэце на днях: дазволілі на 2% падняць, але што такое 2% — калі рэнтабельнасць -18%! Вось і атрымліваецца: кошты адпусцілі, але гэта выгадна гандлярам, але не нам”, — кажуць у Слуцку.

Для параўнання: сырок глазураваны, які лічыцца раскошай і не можа быць сацыяльна значным прадуктам, за год падаражэў на 400 рублёў, ці 11%, папулярны моладзевы прадукт чыпсы — на 0,7%, а гарэлка — на 16%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі