"Банк Дабрабыт" запусціў плацяжы ў тэнге, сомах, драмах і самоні
"Банк Дабрабыт" запусціў плацяжы ў валютах краін Цэнтральнай Азіі і Закаўказзя. Без дадатковай канвертацыі можна будзе перавесці сродкі ў Казахстан, Кыргызстан, Арменію і Таджыкістан.
"Цяпер прадпрымальнікі і кампаніі могуць наўпрост плаціць замежным контрагентам у іх нацыянальнай валюце, роўна як і атрымліваць ад іх выручку", — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце банка.
Прамыя плацяжы ў казахстанскіх тэнге, армянскіх драмах, кіргізскіх сомах і таджыкскіх самоні даступныя беларускім ІП і юрыдычным асобам.
У банку адзначаюць, што ў кліентаў ёсць некалькі спосабаў перавесці грошы — наўпрост, папярэдне купіўшы валюту ў "Банку Дабрабыт", ці з канверсіяй або купляй валюты. У залежнасці ад гэтага трэба будзе вызначыцца, які рахунак адкрываць — валютны або ў беларускіх рублях. У банку гатовыя пракансультаваць па ўсіх пытаннях.
Камісія за перавод у тэнге, сомах, драмах і самоні складзе 5 даляраў ЗША.
Нагадаем, пераводы з Беларусі і Расіі ў іншыя краіны ў еўра і далярах зрабіліся праблематычнымі на фоне ўвядзення заходніх санкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.