Банк “Ротшыльд”: Замежныя інвестары не ўспрымаюць Беларусь сур’ёзна
Замежныя інвестары, якія спецыялізуюцца на новых рынках, не ўспрымаюць сёння Беларусь як краіну, куды неабходна ўкладваць інвестыцыі, заявіў дырэктар-кіраўнік інвестыцыйнага банка “Ротшыльд” па краінах СНД Джавані Сальвеці падчас канферэнцыі “Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё”, якая 29—30 верасня праходзіць у Мінску.
Сальвеці адзначыў, што прыцягненне прамых замежных інвестыцый важнае для любой краіны, бо інвестары прыносяць у эканоміку капітал, падаткі, тэхналогіі. У Беларусі ўзровень замежных інвестыцый у разліку на душу насельніцтва істотна ніжэйшы, чым у іншых краінах.
“За апошнія пяць гадоў Беларусь нічога сур'ёзнага не выставіла на продаж, каб прыцягнуць замежныя інвестыцыі”, — заявіў прадстаўнік банка.
Ён адзначыў, што ў беларускай эканоміцы працягвае адыгрываць вызначальную ролю дзяржсектар, у той час як у еўрапейскіх краінах (Польшчы, Славакіі, Чэхіі) унёсак прыватнага сектара ў эканоміку складае больш за 70%. Адпаведна, у еўрапейскіх краінах з развітым прыватным сектарам ВУП на душу насельніцтва складае 15 і больш тысяч долараў, а ў Беларусі — прыблізна 6 тысяч.
На думку спецыяліста, для павышэння цікаўнасці інвестараў да беларускай эканомікі варта было б рэалізаваць шэраг пілотных прыватызацыйных праектаў — гэта дазволіць нашай краіне з’явіцца на карце замежных інвестараў, перадае БелаПАН.