Барацьба з карупцыяй: У чыноўнікаў могуць забраць пенсію і выгнаць з партыі
З судзімасцю на дзярслужбу не возьмуць, даходы чыноўніка не пакажуць. Еўрарадыё параўноўвае стары закон “Аб барацьбе з карупцыяй" і праект новага.
Праект новага “Закона аб карупцыі” вынеслі на грамадскае абмеркаванне. У параўнанні з дзеючым дакументам 2006 года, змены ў які апошні раз уносіліся ў 2011-м, новы павялічыўся на цэлы раздзел “Дэклараванне даходаў і маёмасці” і 18 артыкулаў.
Цяпер прапануецца, каб усе чыноўнікі, дэпутаты, сенатары, суддзі, пракуроры, а таксама адказныя асобы ў КДБ, МУС, МНС, КДК, Міністэрстве абароны і іншых структурах штогод здавалі дэкларацыі аб даходах і маёмасці, у якія ўносілі дачныя надзелы, транспартныя сродкі, творы мастацтва, будаўнічыя матэрыялы, долі ва устаўных фондах. Дэклараваць прапануецца нават маёмасць непаўналетніх, а таксама дэкларацыю мусяць здаваць жонка\муж, дзеці і сваякі, калі яны пражываюць разам з чыноўнікам.
Але як па старым, так і па новым праекце маёмасць і даходы дзяржслужбоўцаў і дэпутатаў застаюцца закрытымі для грамадскасці.
“Звесткі, якія змяшчаюцца ў дэкларацыях, аб даходах і маёмасці, не падлягаюць распаўсюджванню, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”, — паведамляюць распрацоўшчыкі як старога, так і новага закона.
Па новым праекце “Закона аб карупцыі” чыноўнікам, у тым ліку, і дэпутатам “забараняецца выкарыстоўваць службовае становішча ў інтарэсах палітычных партый і рэлігійных арганізацый, калі гэта супярэчыць інтарэсам дзяржаўнай службы”.
Па законе 2006 года забаранялася “выконваць даручэнні партый ці іншых грамадскіх арганізацый за выключэннем дэпутатаў Нацыянальнага сходу”.
Згодна з законапраектам, чыноўнікаў могуць “папрасіць” з палітычнай партыі: “дзяржаўная службовая асоба абавязаная прыпыніць сваё сяброўства ў палітычнай партыі, калі ў адпаведнасці з заканадаўствам выкананне дзяржаўных функцый з'яўляецца несумяшчальным з прыналежнасцю да палітычнай партыі”, — гаворыцца ў праекце. У старым законе такой забароны няма.
Дарэчы, калі раней дэпутатаў “прыраўноўвалі да дзяржслужбоўцаў”, то цяпер яны “асобы, якія паступілі на дзяржслужбу шляхам абрання”.
На дзяржслужбу прапануецца больш не браць людзей з судзімасцю, калі гэта “не вызначана прэзідэнтам”.
“Асобы, звольненыя з дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый па дыскрэдытуючых абставінах, а таксама якія маюць судзімасць (у тым ліку, знятую ці пагашаную) за наўмысныя злачынствы альбо вызваленыя ад крымінальнай адказнасці па нерэабілітуючых падставах, не могуць быць прызначаныя на пасады кіруючых работнікаў у дзяржаўныя органы, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”, — прапісана ў праекце.
Прапануецца не браць у чыноўнікі і “асобаў, якія здзейснілі цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства супраць інтарэсаў службы”. А дзяржслужбоўцаў, якіх “застукалі” у карупцыі на пасадзе прапануюць нават пазбавіць пенсіі ці дапамогі.
Фота: novostroyki.by