Баранавіцкім актывістам ізноў забаранілі праводзіць "Мілавідскі фэст"
Першы раз чыноўнік спаслаліся на тое, што 2 чэрвеня імпрэзу запланаваў аддзел культуры. У другі раз адмовілі ўжо без удакладнення прычынаў.
Нагадаем, што на фэсце меліся адзначыць памяць касінераў Кастуся Каліноўскага — паўстанцаў 1863 года. Пад Мілавідамі адбылася адна з самых вядомых бітваў таго паўстання.
Перад падачай першай заяўкі арганізатары фэсту падпісалі ўсе неабходныя дамовы — з камунальнікамі, міліцыяй і паліклінікай. Калі чыноўнікі адмовіліся даць дазвол на фэст, арганізатары вырашылі перанесці яго на тыдзень пазней — на 9 чэрвеня.
Як піша intex-press.by, у другой адмове чыноўнікі спаслаліся на парушэнне пункта 5 закона "Пра масавыя мерапрыемствы ў Рэспубліцы Беларусь". Праўда, якія менавіта палажэнні закона парушаныя, у адказе не гаворыцца.
Непасрэдна ў пункце 5 закона распісана ўся інфармацыя, якая павінна ўтрымоўвацца ў заяўцы арганізатараў мерапрыемства. Па словах актывістаў, яны выканалі ўсе патрабаванні гэтага пункта.