Барыса Грабеншчыкова аштрафавалі за "дыскрэдытацыю" расійскай арміі
Барыс Грабеншчыкоў / delfi.ee
Барыса Грабеншчыкова аштрафавалі за "дыскрэдытацыю" расійскай арміі. Падставай для адміністрацыйнай справы стала інтэрв'ю музыкі ізраільскаму тэлеканалу, у якім ён назваў дзеянні Расіі ва Украіне фашызмам, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Справу разглядаў Цвярскі раённы суд. Суддзя Алеся Арэхава аштрафавала лідара гурта "Акварыум" на 50 тысяч рублёў (каля 600 долараў). Выданне адзначае, што пасля падобных штрафаў у РФ могуць распачаць і крымінальную справу (гэтага ўжо патрабаваў у студзені дэпутат Дзярждумы Расіі Султан Хамзаеў).
Прадстаўнік Грабеншчыкова з прысудам за "выказванні негатыўнага характару на адрас УС РФ на тэрыторыі Украіны" не пагадзіўся. Ён сказаў, што яго падабаронны выказваў асабістае меркаванне. "Знішчэнне адной нацыі іншай па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці — гэта як? Не фашызм? Фашызм", — гаварыў у згаданым інтэрв'ю музыка.
Барыс Грабеншчыкоў летась зладзіў акцыю ў падтрымку беларускіх музыкаў-палітвязняў з гурта Irdorath. Ён падтрымаў і беларускую палітзняволеную Таццяну Кузіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.