Барысевіч на допытах не мог узгадаць, як купляў браніраваны Mercedes
У Мінскім абласным судзе працягваецца разгляд справы пра карупцыю пры арганізацыі школьнага харчавання. Самы высокапастаўлены фігурант справы — кіраўнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Сяргей Барысевіч.
2 жніўня ў судзе пачаўся допыт абвінавачаных. Барысевіч ад дачы паказанняў на судзе адмовіўся, таму пракурор зачытаў паказанні экс-начальніка ГУПР, дадзеныя на стадыі папярэдняга следства, піша tut.by.
Першы эпізод — абвінавачванне Барысевіча ў атрыманні хабару ад кіраўніка ААТ "Жывінка" Сяргея Беразінскага і Лісоўскай, якая працавала дырэктаркай крамы №5 "Жывінка". Па звестках следства, сума хабару склала 21 тысячу рублёў. На допыце Барысевіч адмаўляў прыём грошай ад Беразінскага і Лісоўскай, але на судзе часткова прызнаў віну.
На допыце Барысевіча адмаўляў перадачу грошай Лісоўскай на пакрыццё нястачы ў памеры 1 мільярд недэнамінаваных рублёў. На наступным допыце ён прызнаў, што грошы перадаваў, але, маўляў, ён пазычыў Лісоўскай 20 тысяч долараў на пакрыццё нястачы.
На допытах Барысевіч адмаўляў атрыманне хабараў ад усіх дырэктараў камбінатаў школьнага харчавання. Сёння ён пацвердзіў гэтыя паказанні часткова.
Чыноўнік заявіў што не памятае пра большасць прызначэнняў і звальненняў спецыялістаў. Не змог ён узгадаць і пра абставіны набыцця браніраванага Mercedes-Benz 600 — аўто ён купляў разам з Аляксандрам Косаўскім. Узнікла пытанне, за якія грошы Барысевіч купіў два аўтамабілі, кватэру, матацыкл "Харлей". Чыноўнік заявіў, што кватэру купіў у крэдыт, адну машыну набыў цесць, на другую ён сабраў грошы сам, матацыкл належыць жонцы прыяцеля.
Дарэчы, свае задачы і абавязкі як кіраўніка ўпраўлення ў Мінгарвыканкаме Барысевіч таксама прыгадаць не змог.