БАТЭ не выйшаў у групавы раўнд Лігі Еўропы
БАТЭ не выйшаў у групавы раўнд футбольнай Лігі Еўропы. У чацвер, 25 жніўня, на "Барысаў-Арэне" каманда Аляксандра Ермаковіча згуляла ўнічыю з "Астаной" — 2:2. А пасля гасцявога паражэння з лікам 0:2 патрэбная была перамога з буйным лікам.
БАТЭ больш валодаў мячом, часцей біў па браме "Астаны", але ў першым тайме вызначыўся толькі аднойчы — на 27-й хвіліне гол забіў Міхаіл Гардзяйчук, з дапамогай рыкашэту, дарэчы. Выдатны момант не рэалізаваў Мірка Іваніч. Быў адзін выдатны момант і ў гасцей, але Арцём Сарока дацягнуўся да мяча пасля ўдару Патрыка Твумасі.
Здавалася, што ў другім тайме барысаўчане даціснуць сапернікаў, але на 50-й хвіліне пасля падачы кутняга Неманья Максімавіч галавой забівае гол у браму гаспадароў поля. Мала хто верыў, што цяперашні БАТЭ зможа забіць тры галы. "Астана" самааддана абаранялася, а на 76-й са штрафнога Твумасі забівае прыгожы гол. Толькі на апошніх хвілінах Ігар Стасевіч з пенальці зраўняў лік. Барысаўчане ўжо былі ў меншасці пасля выдалення на 82-й хвіліне Аляксея Рыаса. Клуб з Казахстана заслужана згуляе ў групавым раўндзе Лігі Еўропы. БАТЭ ж з еўракубкамі развітаўся да наступнага года.
БАТЭ гуляў у наступным складзе: Сарока, Гайдучык, Жаўнерчык, Палякоў, Рыас, М. Валадзько (Сігневіч, 55), Кендыш, Іваніч, Стасевіч, Гардзяйчук (Мазалеўскі, 73), Радзівонаў (капітан, Пік, 86).