Баўмгертнера могуць выдаць Расіі для “следчых дзеянняў”
Расійскія следчыя могуць узняць пытанне аб выдачы гендырэктара “Уралкалія” пасля таго, як атрымаюць матэрыялы яго справы ад беларускіх калегаў.
Пра гэта са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй, піша інфармагенцтва “Interfax”:
"Як толькі расійскія следчыя атрымаюць матэрыялы ад сваіх беларускіх калегаў, можа паўстаць пытанне пра выдачу Баўмгертнера ў Маскву для выканання следчых дзеянняў", — кажа суразмоўца агенцтва.
Разам з тым, крыніца не выключае, што на нейкім этапе следчыя з Расіі змогуць прыехаць у Мінск для працы з гендырэктарам "Уралкалія" “на месцы”.
"Пытанне пра выдачу Баўмгертнера будзе вырашацца падчас перамоў паміж дзвюма пракуратурамі і, магчыма, на палітычным узроўні", — адзначыла крыніца.
Раней 16 верасня намеснік генпракурора Расіі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што беларускі бок прыняў рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні расійскіх грамадзянаў, якія праходзяць па "калійнай справе", у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генеральную пракуратуру Расіі.
Фота: ria.ru.