Байдэн выступіў за пашырэнне санкцый у дачыненні да чыноўнікаў Лукашэнкі
Джозэф Байдэн / Reuters
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі лічыць, што міжнародная супольнасць павінна "значна пашырыць санкцыі ў дачыненні да падручных Лукашэнкі і замарозіць рахункі ў афшорах, дзе яны захоўваюць свае скрадзеныя багацці". Тэкст заявы Джозэфа Байдэна публікуе агенцтва Reuters.
Байдэн таксама казаў пра план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, ён мае намер пасля перамогі на выбарах працаваць над ім разам з еўрапейскімі партнёрамі.
"Я буду працягваць выступаць разам са Святланай Ціханоўскай і народам Беларусі з заклікам да мірнай перадачы ўлады, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і правядзення свабодных і справядлівых выбараў", — сказаў Байдэн.
Пры гэтым ён адзначыў, што ягоны канкурэнт на цяперашніх выбарах, дзейны прэзідэнт Дональд Трамп, "адмаўляецца выказвацца" ў падтрымку беларускага народа.
Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца 3 лістапада. Паводле большасці апытанняў, Байдэн мае істотную перавагу ў гэтай гонцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.