БДУ дазволіў выкладчыкам працаваць дыстанцыйна да 31 траўня
У Беларускім дзяржаўным універсітэце выкладчыкам дазволілі працаваць дыстанцыйна з 14 красавіка па 31 траўня. Як паведамляецца на сайце ўстановы, гэтыя меры ўведзеныя для бяспечных умоваў працы супрацоўнікаў і навучання студэнтаў у цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі.
Дыстанцыйная праца дазволіць знізіць колькасць прамых кантактаў сярод студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Як вядома, гэта адзін са спосабаў прафілактыкі распаўсюду каранавіруса.
У БДУ адзначаюць, што заняткі будуць праходзіць у адпаведнасці з зацверджанымі навучальнымі праграмамі і паводле раскладу. Яны будуць адбывацца на цэнтралізаванай пляцоўцы Адукацыйнага партала БДУ, які забяспечвае інтэрактыўнае ўзаемадзеянне студэнта і выкладчыка.
Уся актуальная інфармацыя пра заняткі будзе апублікаваная на сайтах факультэтаў, у раскладзе і асабістым кабінеце навучэнца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.