"Belarus Freedom? Гэта не заклік, а канстатацыя: Беларусь жа незалежная!"
Гурт THE SUPERBULLZ прадставіў песню "Back 2 Da Old School" і заявіў, што збіраецца падаць яе на “Еўрабачанне-2017”. Маўляў, калі пачулі, што Макс Фадзееў прапанаваў беларускім уладам падрыхтаваць расійскага артыста, які паедзе на конкурс ад Беларусі, у знак падзякі за “сцяг Фомачкіна”, вырашылі пачаць прабеларускую піар-кампанію.
Ці варта баяцца песні са словамі “Freedom Belarus” на “Еўрабачанні” і для каго спявае гурт, дзе граюць зорныя інструменталісты, распавядаюць фронтмэн гурта Алесь-Францішак Мышкевіч і прадзюсар Руслан Старыкоўскі.
Важнае з размовы:
У Джамалы была сур'ёзная песня, у нас жа — успаміны з майго дзяцінства. У песні ўзгадваюцца настальгічныя часы, калі Беларусь стала суверэннай. І тое, што ў прыпеве ёсць словы frеedom Belarus, азначае менавіта тое мінулае, новая Беларусь, новыя мары для ўсіх беларусаў. Тут няма ніякіх заклікаў. У 1991 годзе, калі я пайшоў у школу, Беларусь стала менавіта незалежнай.
Мінулагодні досвед паказаў, што ўсе шансы паехаць на “Еўрабачанне” былі ў гурта Navi, аднак Дробыш — круты прадзюсар, які можа дазволіць сабе арганізаваць правільную кампанію па тэлефонным галасаванні. Калі мы будзем бачыць, што сёлета будзе выбар паміж фадзееўскім артыстам і Navi, натуральна, што заклічам усіх нашых фэнаў галасаваць за Navi.
Чаму будзе кепска, калі ад Беларусі на "Еўрабачанне" паедзе расійскі артыст? Ёсць дзве рэчы. Першае: унёсак за ўдзел краіны ў конкурсе мы плацім са сваіх падаткаў. Не Фадзееў і не Дробыш, а Белтэлерадыёкампаніяя выдаткоўвае парадкам 150-200 тысяч еўра. Другое: калі артыст дасягае поспеху, грошы, якія ён зарабляе, ідуць прадзюсару, у дадзеным выпадку, расійскаму. А ў выпадку, калі пераможцамі стануць беларусы, будзе адбывацца папулярызацыя Беларусі.