“Беларусь кажа, што не прызнае кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН"
Падчас сустрэчы 27 верасня з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раадам аль-Хусейнам Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што “беларускі бок з задавальненнем супрацоўнічае з Упраўленнем”, якое Вярхоўны камісар узначальвае. Больш за тое, па словах кіраўніка Беларусі, “у нас практычна няма ніякіх праблем у супрацоўніцтве з вашым офісам”.
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека — гэта падраздзяленне Генеральнага сакратарыяту ААН, якое абслугоўвае ў тым ліку і Камітэт па правах чалавека ААН. Той орган, які разглядае скаргі беларусаў на дзеянні дзяржавы супраць іх правоў і свабодаў. І вельмі часта выносіць рашэнні не на карысць дзяржавы. Акурат тут пачынаецца “супрацоўніцтва”, якое пад вызначэнне “няма ніякіх праблем” ніякім чынам не трапляе.
“Ужо ёсць каля дзясятка справаў, па якіх Камітэт вынес рашэнне не на карысць Беларусі і пра якія Беларусь заявіла, што не будзе выконваць. Да таго ж, па 60-70 справах, якія толькі чакаюць разгляду у Камітэце, Беларусь зрабіла такія ж заявы — яна адмаўляецца прызнаваць рашэнні Камітэта, якія будуць вынесеныя ў будучыні, — пералічвае юрыст Раман Кісляк. — А ў такім выпадку пра якое супрацоўніцтва можна весці гаворку? У свеце няма больш прэцэдэнтаў, няма іншых краін, якія б так цынічна заяўлялі, што яны не прызнаюць кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека”.
Па інфармацыі праваабаронцаў, з 1997 года, калі была пададзеная першая скарга ў Камітэт па правах чалавека, было зарэгістравана 180 скаргаў ад грамадзянаў Беларусі. Па 77 скаргах прызнаныя парушэнні правоў, разгляд 8 спынены, 17 былі прызнаныя непрымальнымі праз парушэнне ўмоваў падачы. У 2 выпадках было прызнана, што парушэння правоў не было. Яшчэ 76 скаргаў чакаюць разгляду.
Няўжо ніводнага разу рашэнне Камітэта беларускія ўлады не выканалі?
Раман Кісляк: “Ёсць толькі некалькі справаў, разгледжаных да 2008 года, рашэнні па якіх былі выкананыя. Усе астатнія ігнаруюцца беларускімі ўладамі”.
Да прыкладу, было выкананае рашэнне Камітэта па справе “Лабцэвіч супраць Беларусі”, дзе гаворка ішла пра незаконнасць адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд друкаваных матэрыялаў. У 2007 годзе былі ўнесеныя змены ў Кодэкс “Аб адміністрацыйных парушэннях”. Не, затрыманні такіх распаўсюднікаў не спыніліся, іх па-ранейшаму прыцягваюць да адказнасці, але ўжо па іншых артыкулах.
Прыклад нявыкананых уладамі рашэнняў — справы пад умоўнай назвай “Сваякі расстраляных супраць Беларусі”.
“Гэта калі ў дачыненні да сям’і пакаранага назіралася стаўленне, якое прыраўноўваецца да “жорсткага, нечалавечага абыходжання”. Бо цела пакаранага не выдаецца і месца пахавання не паведамляецца. Рашэнне вынесенае на карысць сваякоў пакараных, і, каб яго выканаць, неабходна мяняць Крымінальна-выканаўчы кодэкс, але гэта не зроблена”, — кажа Кісляк.
Невыкананне рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН — не адзіны напружаны момант паміж нашай краінай і гэтай арганізацыяй. У 2012 годзе адмовы Беларусі выконваць рашэнні Камітэта пра правах чалавека ААН вымусілі гэтую арганізацыю ўвесці пасаду спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ім стаў Міклаш Харашці, у мінулым прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Харашці — неўязны ў Беларусь. Атрымліваецца, што калі ў нас і “няма ніякіх праблем у супрацоўніцтве” з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, то ёсць праблемы супрацоўніцтва з Камітэтам па правах чалавека таго ж ААН і з ААНаўскім спецдакладчыкам па Беларусі.
Праўда, тут да месца будзе яшчэ адна фраза кіраўніка Беларусі, сказаная Вярхоўнаму камісару ААН: “Мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека і палітызавалі іх”.
Фота: http://www.dw.com/