Беларусь можа летам жыць па адным часе з Польшчай і Іспаніяй
Або апынуцца ў адным часавым поясе з Масквой. У Расіі вырашылі вярнуцца на зімовы час. Еўрарадыё даведалася, як гэта паўплывае на нашы гадзіннікі.
Расія ўсё ніяк не можа спыніцца ў сваіх эксперыментах з часам. Цяпер Дзярждума выдумала, што трэба пераходзіць назад на зімовы час з летняга, а ў летні ўжо не вяртацца.
"Мы прынялі закон у першым чытанні. Тэрмін на ўнясенне паправак — 2 тыдні. Цяпер над дапрацоўкай дакумента да другога чытання працуе камісія Думы з удзелам урада ў асобе віцэ-прэм'ера Аркадзя Дварковіча. Па сутнасці, пытанне ў тым, як максімальна ўлічыць меркаванне рэгіёнаў. Напрыклад, Санкт-Пецярбург жыў па маскоўскім часе, а фактычна ў іх дзве гадзіны розніцы", — расказвае Еўрарадыё старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па ахове здароўя Сяргей Калашнікаў.
Першага ліпеня закон павінны прыняць у другім і трэцім чытаннях. Потым яго мусіць зацвердзіць Савет Федэрацыі і падпісаць прэзідэнт.
У 2011 годзе Беларусь следам за Расіяй перастала пераводзіць гадзіннік на зімовы час, матывуючы тым, што з усходняй суседкай у нас найбольш транспартных і эканамічных стасункаў. Таму цяпер летам мы жывём, як і некалькі гадоў таму, па адным часе з Украінай і Прыбалтыкай і на адну гадзіну абганяем заходнія краіны. Зімой жа, паколькі Захад адкручвае стрэлкі на гадзіну назад, ад Польшчы нас аддзяляе 2 гадзіны, ад Літвы і Украіны — адна.
Ці будзе Беларусь зноў паўтараць за Расіяй часавыя пературбацыі?
"Заданняў і даручэнняў нам ніякіх не паступала, — расказвае загадчык сектара часу і частаты Інстытута метралогіі Аляксандр Галыга. — І пытанне гэтае не разглядалася".
Імаверна, калі Масква канчаткова прыме рашэнне аб пераходзе на зімовы час, то і наша краіна пачне разглядаць адпаведнае пытанне.
Калі мы зробім так, як Расія, то зімой наш час ад часу іншых суседзяў будзе адрознівацца як цяпер летам: аднолькавы з Прыбалтыкай і Украінай, гадзіна розніцы з Польшчай. А вось летам мы будзем жыць па сярэднееўрапейскім часе, а ва Украіне і Літве будзе на гадзіну больш, чым у нас.
Калі мы не скапіруем дзеянні Расіі, то круглы год будзем жыць па адным часе з Масквой. Магчыма, такі варыянт таксама прывабны для нашых уладаў.
Які ж час для Беларусі самы правільны?
Мы цяпер жывем па дэкрэтным часе, які быў у Савецкім Саюзе да таго, як пачалі пераводзіць стрэлкі. То бок на гадзіну больш, чым час, які адпавядае нашаму поясу. Астранамічны час для нас — зімовы (UTC+2). Часавыя паясы разбітыя па мерыдыянах. Ад Грынвіча і праз кожную гадзіну. Але паясы, як правіла, праходзяць па межах краін.
Беларусь зімой знаходзіцца ў другім часавым поясе. Гэта значыць, што калі ў Лондане 8 раніцы, у нас мусіць быць 10 раніцы. Але цяпер зімой мы жывем па дыскрэтным часе, і ў нас 11 раніцы.
Ёсць таксама паняцце фактычнага часу. Мінск знаходзіцца на 28-м мерыдыяне. Сонца за адну гадзіну праходзіць 15 градусаў вакол зямлі. Таму розніца паміж Грынвічам і Мінскам будзе 1 гадзіна 51 хвіліны. Значыць, фактычна, калі там 8 раніцы, то ў нас 9:52, а гэта і ёсць наш другі часавы пояс, якому адпавядае зімовы час, пераход на які мы адмянілі ўслед за Расіяй у 2011 годзе.
Так у нас цяпер
Так будзе, калі пяройдзем на зімовы час