Беларусь не змагла своечасова паставіць абяцаныя тралейбусы ў Новасібірск
Тралейбусы з машынакамплектаў МАЗ збіраюцца на Уфімскім трамвайна-тралейбусным заводзе
Беларусь не выканала ўмоваў кантракта па пастаўцы тралейбусаў у Новасібірск. Са 120 машын пакуль даехалі толькі 95. Між тым тэрмін выканання дамовы скончыўся ў канцы 2023 года. Пра гэта піша мясцовы рэсурс atas.info.
Новасібірскі губернатар адправіў у Мінск сваіх прадстаўнікоў, каб абмеркаваць сітуацыю. Акрамя тралейбусаў ёсць пытанне па трамваях. Беларускія вытворцы абяцалі паставіць у Новасібірск да красавіка 10 вагонаў трамвая. Шэсць вагонаў ужо прыбылі, яшчэ адзін у дарозе.
"Да сакавіка плануем завяршыць пастаўку ўсіх 10 вагонаў. Па тралейбусах — "МАЗ" плануе да красавіка ўсе кузавы з 80 выдаць Уфімскаму заводу", — заявіў часовы выканаўца абавязкаў мэра Новасібірска Алег Клемяшоў. Беларускія тралейбусы з машынакамплектаў МАЗ збіраюцца на Уфімскім трамвайна-тралейбусным заводзе.
Увосень 2022 года мясцовыя ўлады казалі, што тралейбусны парк у Новасібірску зношаны на 98,84%. 120 беларускіх тралейбусаў мусілі пакрыць недахоп новых машын на 40%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.