Беларусь не зусім задавальняе цяперашні варыянт Дамовы аб стварэнні ЕАЭС
Але наша дзяржава будзе выконваць прынятыя на сябе абавязанні. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей.
Яго інтэрв'ю тэлеканалу СТВ выйшла ў эфір вечарам 27 ліпеня.
Па яго словах, прэтэнзіі Беларусі да Дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза ў тым, што там — вялікая колькасць выключэнняў і абмежаванняў. Макей кажа, што падпісаны варыянт далёкі ад той дамовы, якую дэкларавалі ўсе ўдзельнікі пэўны час таму.
Але ў кожным разе, дадаў беларускі дыпламат, нашай краіне ўдзел у гэтай дамове выгадны, бо адкрываюцца перспектывы для росту эканомікі.
Макей адзначыў, што пытанні, якія не ўдалося вырашыць на трохбаковым узроўні, Беларусь вырашыла праз двухбаковыя пагадненні. "Мы зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй быў створаны агульны рынак без усялякіх выключэнняў і абмежаванняў як мінімум да 2025 года, як гэта зафіксавана ў Дамове аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза", — адзначыў чыноўнік.
Фота — mfa.gov.by