Беларусь пакуль не гатовая да пагаднення аб асацыяцыі з ЕС

Беларусь пакуль не гатовая да шчыльнай супрацы з Еўрасаюзам і пагаднення аб асацыяцыі. Пра гэта міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю газеце The Washington Post.

"На гэтым этапе, я буду казаць адкрыта, мы не гатовыя да таго, каб гаварыць аб шчыльных адносінах з Еўрапейскім саюзам у выглядзе заключэння Пагаднення аб асацыяцыі, напрыклад", — паведаміў чыноўнік. Разам з тым кіраўнік беларускай дыпламатыі не выключыў, што больш шчыльныя адносіны з ЕС можа мець "гадоў праз 5, 10, 15. Калі Еўрапейскі саюз захаваецца як арганізацыя да таго часу".

У кантэксце ўкраінскага крызісу, адзначыў Макей, гаворка сёння ідзе пра захаванне і ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі і шэрагу іншых краін. Асновай палітычнай незалежнасці ён бачыць эканамічны суверэнітэт. "Таму мы зацікаўленыя ў тым, і мы гаворым пра гэта з нашымі еўрапейскімі партнёрамі, каб у нас былі нармальныя гандлёва-эканамічныя адносіны, у першую чаргу, з Еўрапейскім саюзам. Мы не толькі гаворым пра гэта, але і робім канкрэтныя меры", — зазначыў міністр.

Кіраўнік МЗС заявіў: "Мы не баімся, што нехта нападзе на Беларусь, але мы не хочам дапусціць эканамічнага калапсу". На яго думку, Беларусь працягне заставацца выспай стабільнасці ў рэгіёне, калі замежныя партнёры будуць супрацоўнічаць з ёй у гандлёва-эканамічнай сферы, каб Беларусь змагла спакойна прайсці крызіс.

Фота — mfa.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі