Беларусь просіць у Антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС новы крэдыт

Беларусь у сакавіку накіравала заяўку ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС на атрыманне фінансавага крэдыту на падтрымку стабілізацыйнай праграмы на 2015-2017 гады. Пра гэта інфармуе Interfax.by са спасылкай на прэс-службу Еўразійскага банка развіцця.

Паводле інфармацыі ЕАБР, група экспертаў банка на чале з дырэктарам праектнай групы Антыкрызіснага фонду Алішэрам Мірзоевым наведала Мінск для кансультацыяў з уладамі Беларусі па накіраванай заяўцы. Адзначаецца, што банкі дамовіліся працягнуць падрыхтоўку праграмы макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформаў у Беларусі, якую можа падтрымаць Фонд.

Эксперты ў цэлым вітаюць захады новай эканамічнай каманды Беларусі — жорсткую грашова-крэдытную палітку з высокімі працэнтнымі стаўкамі і з гнуткім рэжымам абменнага курса. Але ж пры гэтым выйсці на ўстойлівы эканамічны рост можна будзе толькі пасля правядзення рашучых структурных рэформаў. Такія захады прадугледжваюць адначасовую лібералізацыю коштаў і рынкаў, а таксама далейшую аптымізацыю ролі дзяржавы ў эканоміцы.

У чэрвені 2011 года Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС прыняў рашэнне ад выдачы Беларусі стабілізацыйнага крэдыту на 3 мільярда долараў. Прадугледжвалася, што цягам 2011-2013 гадоў беларускі бок атрымае 6 траншаў крэдыту.

Мінск паспеў атрымаць 5 траншаў на 2,5 мільярда долараў. Іх залічылі ў золатавалютныя рэзервы і скіравалі на стабілізацыю плацёжнага баланса краіны. У канцы чэрвеня 2013 года Савет Антыкрызіснага фонда ўхваліў зварот беларускіх уладаў па апошні, 6 транш крэдыту. Але ў канцы 2013 года было вырашана адкласці пералічэнне сродкаў на паўгода.

Ужо ў студзені 2014 года беларускія ўлады былі абвінавачаныя ў невыкананні 10 паказнікаў крэдытнай праграмы, у тым ліку 5 кантрольных. Напрыклад, гэта тычыцца ўзроўню валавых і чыстых міжнародных рэзерваў, тэмпаў прыватызацыі і прыросту крэдытаў у эканоміцы.

Меркавалася, што Савет АКФ вернецца да разгляду пытання аб выдзяленні шостага транша ў апошнім квартале 2014 года. Чакалася, што да таго моманту беларускія ўлады падрыхтуюць новы ліст аб намерах.

Тым часам Беларусь пачала выплачваць стабілізацыйны крэдыт АКФ і ў чэрвені 2014 года пагасіла першыя 88,3 мільёна долараў.

Ілюстратыўнае фота з сайта kapital.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі