Беларус трапіў у расійскае войска. Яго сябар падазрае, што ён шле сігналы SOS
У Маскве масавыя "хапуны" — усіх забіраюць у войска. Ці мог беларус трапіць пад раздачу?
Надоечы чытач Еўрарадыё Аляксандр падзяліўся з намі трывогай: ён падазрае, што яго старога знаёмага супраць волі ўтрымліваюць у расійскім войску.
Гаворка ідзе пра жыхара Гродзеншчыны Станіслава Сяўко. Паводле Аляксандра, у 2020 годзе Стас удзельнічаў у беларускіх пратэстах. Ён сірата, яго выхоўвала бабуля. У Беларусі ў яго былі праблемы з грашыма, выжываць на заробак прадаўца не атрымлівалася, і ён з'ехаў у Маскву.
— Ён напісаў мне па прыездзе туды, расказаў, што працуе на складзе Wildberries. А потым знік і доўга не пісаў. У прынцыпе, і мінулым разам, калі ён туды ад'язджаў, мы размаўлялі нячаста. Звычайна ён пісаў мне, калі ў яго былі праблемы.
І вось Стас зноў напісаў сябру і расказаў, што... "прывыкае да армейскага жыцця". Аляксандр здзівіўся і паспрабаваў распытаць, як яго сябар — мяккі і спакойны чалавек — трапіў у расійскую армію. Але тут стылістыка перапіскі рэзка змянілася.
Стас, які скончыў звычайную вясковую школу на Гродзеншчыне, раптам зрабіўся акуратным у пунктуацыі і арфаграфіі. І папрасіў Аляксандра "не верыць таму, што пішуць у нэце".
— І, мяркуючы са стылістыкі гаворкі, мяркуючы з пісьменнасці, працягнуў зносіны ўжо не ён, — упэўнены Аляксандр. — Я ўвогуле не магу зразумець, што адбываецца. Ён і войска — гэта аксюмаран.
Чаму нас занепакоіў гэты зварот
1 снежня ВВС выпускаюць тэкст, у якім расказваецца пра беспрэцэдэнтныя "аблавы" на салдатаў тэрміновай службы ў Маскве. Ваенкаматы адпраўляюць у войска людзей з сур'ёзнымі захворваннямі і прыезджых з іншых рэгіёнаў.
А за тыдзень да гэтага Беларусь абляцела гучная навіна: на склад Wildberries у Маскве ўварваўся АМАП і пачаў раздаваць позвы. Гучная — бо праз гэта многія беларусы сутыкнуліся з затрымкай у пастаўцы замоўленых тавараў.
Пасля пераезду ў Маскву менавіта на складзе працаваў беларус Станіслаў Сяўко. Свайму сябру ён напісаў праз два дні пасля таго, як навіна пра "хапун на вайлдберыз" абляцела сеціва.
Мы не сцвярджаем, што грамадзянін Беларусі трапіў пад такі "хапун", — уручыць позву грамадзяніну іншай краіны немагчыма. Але мы не выключаем, што Станіслаў знаходзіцца ў расійскай ваеннай часці супраць сваёй волі — і вырашылі звязацца з ім наўпрост.
"Складана ўсвядоміць, што там мішэні будуць не з кардону, а жывыя"
Мы апісалі сітуацыю як ёсць: Стас, сябры хвалююцца за вас і думаюць, што вы трапілі ў расійскае войска не на ўласнае жаданне. Стас — ці іншы чалавек, які вёў размову з акаўнта Станіслава Сяўко, — адказаў нам так:
— Не, гэта маё жаданне. Да таго, як я падпісаў дакументы, два месяцы абдумваў гэтае рашэнне, у выніку падпісаў і не шкадую. Вядома, я разумею, чым рызыкую, але маральна я гатовы.
Падрыхтоўка ідзе не складана, складана ўсвядоміць, для чаго ты туды едзеш і што там мішэні будуць не з кардону, а жывыя.
Са слоў нашага суразмоўцы, цяпер ён знаходзіцца ў Саратаўскай вобласці — там салдатаў тэрміновай службы навучаюць перад адпраўкай на вайну ва Украіне.
— Я мяркую, што Расія і Беларусь — брацкія народы, і ў такі цяжкі час трэба адно аднаго падтрымліваць, нават рызыкуючы сабой, — напісаў чалавек з акаўнта Стаса.
З аповеду Аляксандра мы ведаем, што Стас — мяккі добры чалавек, праз тое, што многае прымаў блізка да сэрца, у яго былі праблемы з алкаголем. Сябар Стаса адназначна кажа: нічога не прадказвала, што аднойчы ён убачыць Стаса ў ваеннай форме. Таму, каб праверыць, ці сапраўды з акаўнта беларуса з намі перапісваецца Стас Сяўко, мы пытаем, ці марыў ён калі-небудзь пра войска.
— Пра войска я не марыў. Гэта не ў маім характары было. У Расіі гэта здарылася вельмі рэзка, проста ўбачыў пару разоў рэкламу па ТБ — і мяне быццам падмянілі. Я вырашыў змяніць у жыцці ўсё, і першы мой крок быў пайсці ў СВА.
Пра войска ў мяне былі зусім іншыя ўяўленні, у рэальнасці аказалася вельмі жорстка і строга, але я спраўляюся і цяжкасці мяне не турбуюць.
З дзяцінства я быў супраць нейкіх ваенных дзеянняў і гвалту ў дачыненні да людзей, крытыкаваў палітыку ў дачыненні да ваенных дзеянняў, але яшчэ раз паўтаруся, пайсці ў расійскае войска ў мяне атрымалася раптоўна.
"Часта сню Гродна, але расплюшчваю вочы, і разумею, што я ў гарнізоне"
Стаса гадавала бабуля. Яго бацька памёр, з мамай ён даўно не мае зносін. Чалавек, які вёў перапіску з акаўнта Стаса, ведае пра яго асноўную інфармацыю. Ён расказаў нам, што "родныя былі ў шоку, гэта факт, прасілі, каб я ўсё кінуў і вярнуўся дадому".
— Сама больш перажывае родная сястра, цяпер яна ў Дубаі. Вельмі плакала. Мы з ёй пару гадоў практычна не размаўлялі і не бачыліся. На цяперашні момант мы ўжо дачыняемся, і яна чакае мяне дадому. Мой крок, які я зрабіў, падпісаўшыся на СВА [так у РФ называюць вайну з Украінай — Еўрарадыё], зблізіў нас.
Мама пакуль не ведае пра маё рашэнне, проста не ўяўляю, як ёй гэта паведаміць, ды і, думаю, можа і не варта казаць, не хачу, каб яна таксама перажывала.
Але рашэнне сваё мяняць не хачу. Я адважыўся на гэты крок, і назад дарогі няма. Спадзяюся, што застануся жывы і тады вярнуся дадому.
Еўрарадыё спрабавала звязацца з сястрой Стаса па двух тэлефонах, але яна не адказала нам ні ў адным з месенджараў.
Тады мы вырашаем праверыць, ці ведае наш суразмоўца Гродна — горад, у якім вырас Стас. Распытваем, па чым ён сумуе больш за ўсё, знаходзячыся ў казарме чужой краіны.
— Па радзіме сумую, асабліва па горадзе Гродна. Ратуе, што ў інтэрнэце чытаю навіны і гляджу відэа пра Беларусь і горад Гродна.
У Гродне я жыву з 2007 года, і для мяне гэта родны горад. Часта сню, што я там, гуляю па вуліцы, парку, але калі расплюшчваю вочы, разумею, што гэта сон і што я ў гарнізоне. У траўні павінен быць адпачынак, вось я і лічу дні, каб прыехаць дадому. Як бы ні цяжка жылося ў Беларусі, а дадому цягне, і чым далей, тым мацней.
Аляксандр зноў запэўнівае: Стас, якога ён ведае, піша зусім інакш.
— Структура тэксту вельмі не падобная на яго. У яго рэплікі выглядалі зусім па-іншаму. Вельмі сумнеўна. У яго сярэдняя вясковая школа ў анамнезе. Якія сны ў гарнізоне? Проста вішнёвы сад нейкі, — каментуе Аляксандр. — Але чалавек, які піша, ведае агульную інфармацыю пра яго. Ён сапраўды ў 17 гадоў прыехаў у Гродна паступаць у тэхнікум.
І дзве гадзіны на абед
Гэтая перапіска не пераканала нас у тым, што з акаўнта беларуса Стаса з намі камукікуе менавіта Стас. І мы прапанавалі суразмоўцу стэлефанавацца і зрабіць інтэрв'ю пра тое, што прывяло яго ў расійскае войска.
Ён ахвотна пагадзіўся і прапанаваў час: з 13:00 да 15:30 (абед) або пасля 18:00. Мы сумняваемся, што ў звычайнага салдата-кантрактніка можа быць такі графік: 2,5 гадзіны абеду і вольны час пасля 18:00. Гэта падобна хутчэй на графік афіцэра.
Нягледзячы на тое, што першапачаткова чалавек, які дачыняўся з намі, быў відавочна схільны даць інтэрв'ю, у запланаваны для размовы дзень ён перастаў выходзіць на сувязь з адным з нашых журналістаў і цалкам ачысціў перапіску з іншым.
У іншых месенджарах акаўнт Стаса таксама маўчыць.
Мы не можам выключаць імавернасці, што беларускага грамадзяніна ўтрымліваюць у расійскай ваеннай часці супраць яго волі, і звярнуліся ў беларускае МЗС з наступнымі пытаннямі:
— Ці паступалі ў МЗС раней сігналы пра тое, што грамадзян Беларусі прызываюць у расійскае войска?
— Што рабіць, калі грамадзянін Беларусі аказаўся ў такой сітуацыі?
— Ці будзе МЗС ладзіць праверку аб магчымым незаконным утрыманні грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Сяўко Станіслава Станіслававіча ў расійскім войску?
— Ці плануецца аказаць дыпламатычную дапамогу Сяўко Станіславу Станіслававічу, калі высветліцца, што ён знаходзіцца ў шэрагах Узброеных сіл РФ супраць сваёй волі?
Мы апублікуем адказы, як толькі іх атрымаем.
У беларускага МЗС не вельмі шмат часу на рэакцыю, бо ўжо праз тыдзень з Саратаўскай вобласці Стаса перавядуць у Валгаград, а адтуль адправяць у Данецкую вобласць — на вайну з Украінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.