Жонка ўкраінскага вайскоўца: "Бачу — кроў. Ён кажа: "Іра, у мяне няма нагі"

Украінскі вайсковец з пратэзам ад Protez Foundation 

Украінскі вайсковец з пратэзам ад Protez Foundation  / Euroradio

Жнівень 2022 года. З пачатку поўнамаштабнай вайны прайшло паўгода, з дня вяселля Іры і Сашы — роўна год. Усе гэтыя месяцы муж не бываў дома даўжэй за адзін дзень. Саша ваяваў пад Бахмутам, Іра чакала ў Дняпры. Вельмі хацела, каб ён прыехаў на іх першую гадавіну. Але ў той дзень Саша наступіў на міну.

З моманту выбуху прайшло больш за год. Саша ўжо накручвае кіламетры на бегавой дарожцы са спартыўным пратэзам. Іра ўвесь час побач. Яна заўсёды кажа "мы". "Мы" ляжалі ў бальніцы, "мы" шукалі праграму пратэзавання, "нам" паставілі пратэз.

— Якія адчуванні ад пратэза? Ну ўявіце, што вы заўсёды ездзілі на "Аўдзі", а потым пераселі на" Жыгулі", — кажа Саша. — А астатняе спытайце ў жонкі, яна ўсё ведае.

 

“Потым гляджу — кроў на прасціне. Дакранаюся. Ён кажа: Іра, у мяне няма нагі”

— Я яго ў той дзень так чакала, так чакала... А тут замест Сашы ў дом заходзіць тата. І на ім твару няма. Кажа: Іра, паехалі да Сашы. Я яму: куды, у Бахмут?

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Ірына / Euroradio

Сашу ў гэты час везлі на хуткай у рэанімацыю. Ён наступіў на "пялёстак" — супрацьпяхотную міну.

— Мяне пусцілі да яго толькі калі з аперацыйнай перавялі ў палату. Памятаю: заходжу, бачу фінгал, твар сіні, увесь падрапаны, пабіты. Думаю — дзякуй Богу, што жывы і цэлы. Заўважыла ж, што хлопцы ў палаце ляжаць без рук і без ног.

Потым гляджу — кроў на прасцінах. Дакранаюся. Ён кажа: Іра, у мяне няма нагі. Мяне саму ўсю трэсла, але я адразу сказала: нічога страшнага, мы паставім табе круты спартыўны пратэз!

Ён жа пасля выбуху перш за ўсё падумаў: "Як я цяпер буду бегаць?"Проста ў Сашы тата фізкультуру вёў, а брат — футбаліст. Уся сям'я спартоўцаў. І ён таксама так хацеў бегаць, так хацеў на марафоны... Таму цяпер стараецца хутчэй зрабіць спартыўны пратэз, каб пачаць трэніравацца. Спадзяюся, ён яшчэ і ў Паралімпійскіх гульнях паўдзельнічае!

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Ірына і Аляксандр / Euroradio

Аляксандр ужо ўпэўнена трымаецца на пратэзе — першы ён атрымаў у ЗША па праграме Protez Foundation. А цяпер, навучыўшыся хадзіць, ён навучыцца і бегаць. Для гэтага Саша і Іра прыехалі ў закарпацкі горад, дзе працуе філіял амерыканскай клінікі.

 

“Робім ад душы, як для родных людзей”

Protez Foundation — платформа, якая забяспечвае пратэзаванне і рэабілітацыю людзям, якія страцілі на вайне рукі і ногі. Фонд заснавалі ўкраінскі доктар-пратэзіст Якаў Градзінар і бізнесовец Юрый Арашыдзэ.

— Калі пачалася вайна, абодва — і Якаў, і Юра — думалі, як дапамагчы Украіне, — кажа доктар-артапед Пётр Градзінар.

У праграму бяруць усіх, хто пацярпеў у вайне пасля 24 лютага 2022 года. І цывільных, і вайскоўцаў. У першую чаргу — дзяцей. Кожны, каму патрэбная дапамога, можа запоўніць анкету на сайце Protez Foundation.

Цяпер у чарзе на пратэзаванне толькі па гэтай праграме — каля 1,3 тысячы чалавек. Кожны дзень гэтая чарга расце. І каб хутчэй ставіць людзей на ногі, і для таго, каб па абслугоўванне пратэзаў не даводзілася лётаць за акіян, філіял клінікі адкрылі ва ўкраінскім Закарпацці.

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Маёр УСУ Аляксандр Міхаў (злева) і доктар-артапед Пётр Градзінар (справа). Нядаўна ў клініцы Protez Foundation Сашу паставілі на ногі

— З Божай дапамогай спраўляемся. І пакуль ёсць сілы, пакуль ёсць магчымасці — мы будзем дапамагаць.

Цяпер у ЗША будзем адпраўляць толькі складаных пацыентаў — з ампутацыяй вышэй за калена, з экзартыкуляцыяй ніжняй канечнасці — то-бок у сітуацыях, калі часткова адсутнічае таз. А таксама пацыентаў з ампутацыяй рук — і ніжэй, і вышэй за локаць.

Для ўдзельнікаў праграмы Protez Foundation усё бясплатна. Пратэзаванне, пражыванне усё. Калі трэба паехаць менавіта ў амерыканскую клініку, то праграма пакрывае і пералёт у ЗША.

— Мы гэта робім ад душы, як для родных людзей. Таму што кожны чалавек, які атрымаў раненне, які страціў ніжнюю або верхнюю канечнасць, заслужыў, каб мы дапамаглі яму адаптавацца і працягваць жыць у гэтым свеце паўнавартасным жыццём.

 

“Бэтмен”

— У першыя месяцы... Ой, дзе я толькі не спала, — Іра ўспамінае час, калі ездзіла за Сашам з бальніцы ў бальніцу. Цяпер яны жывуць у Закарпацці. У іх адзін на дваіх графік: сняданак, потым заняткі ў пратэзным цэнтры. Калі ў горад прыязджаў Якаў, у цэнтры сядзелі да гадзіны ночы — падганялі пратэз.

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Ірына / Euroradio

На сценах тут — фатаграфіі тых, хто ўжо стаў на ногі ці абняў новай рукой дзіця. Уздоўж сцен выстаўленыя распісаныя і размаляваныя чашы, падобныя да кубкаў — гэта куксапрыёмнікі. Да іх мацуецца нага і ступня. "Still standing" ("Выстаяў") — напісана на адной чашы. На другой — сцяг Украіны і надпіс "Азоў".

Адзін з першых, каго адправілі пратэзавацца ў закарпацкую клініку — маёр УСУ Аляксандр Міхаў. Мы падрабязна расказвалі яго гісторыю тут. Свой пастаянны пратэз Саша таксама кастамізуе — распіша пад "Бэтмена".

— Таму што гэта адзіны супергерой, у якога няма суперсілы, — а ён усё роўна ратуе горад, — тлумачыць Саша.

"Почему Бэтмен? Потому что это единственный супергерой, у которого нет суперсилы, а он всё равно спасает город"

Калі сама ступня можа служыць да 15 гадоў, то гэты куксапрыёмнік — усяго каля трох. А першы час яго трэба будзе мяняць яшчэ часцей — два гады кукса фармуецца, памяншаецца, і "чаша" хутка становіцца завялікая.

— Мы, на шчасце, можам дазволіць сабе памяняць куксапрыёмнік у любы момант, таму што не шкадуем на гэта грошай. Мы не скажам чалавеку: "Чакай, мучайся і прыходзь праз год", — кажа Пётр Градзінар. — А калі кукса спыняецца, пацыент і сам скажа: мне да вас больш ісці не трэба.

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Гэтая чаша і ёсць куксапрыёмнік

Пратэзаванне можна пачынаць ужо праз тры тыдні пасля таго, як дактары знялі швы. Чым раней пачне фармавацца кукса, чым хутчэй чалавек прывыкне да пратэза — тым лепш.

І калі паранены ўпершыню за некалькі месяцаў нарэшце ўстае на другую нагу, гэта пераўзыходзіць яго чаканні, кажа тэхнік-пратэзіст-артэзіст Юрый Фаменка.

— Людзі думаюць, што пратэз будзе малаактыўны, што прынясе ім кучу дыскамфорту... а насамрэч добра зроблены пратэз — гэта хоць і не свая нага, але гэта на парадак больш за тое, што чалавек чакае.

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Юрый Фаменка, пратэзіст-артэзіст / Euroradio

У цэнтры хлопцаў вучаць, як даглядаць пратэз. Бо нават пераабуцца няпроста — пад новую падэшву або абцас трэба ўмець адрэгуляваць пратэз.

— Ты мусіш умець рабіць гэта сам, каб табе заўсёды было камфортна хадзіць і бегаць. Мы супраць саўдэпаўскай практыкі, калі чалавек прыходзіць у пратэзны цэнтр па наладкі, — кажа Пётр Пятровіч. — А даглядаць свой пратэз трэба гэтак жа рэгулярна, як мяняеш аліву ў машыне, як заліваеш вадкасць для абмывання шкла. Я вучу: вы павінныя свой пратэз берагчы, вы павінныя адразу патэлефанаваць, калі з'явілася праблема. Будзеце ўважліва ставіцца да пратэза — ён будзе служыць доўга.

За куксай таксама трэба сачыць: яна можа павялічыцца ад занадта салёнай ежы або занадта гарачага душа. Рэабілітолагі ў цэнтры кажуць, што алкаголь і сауна цяпер пад забаронай.

— А шмат абмежаванняў? Чаго яшчэ нельга? — пытаем.

Хлопцы замест адказу клічуць мяне пайсці з імі ў горы — у грыбы (у той дзень яны пройдуць па горах тры кіламетры). А рэабілітолаг Алена дзве раніцы запар запрашае далучыцца да агульнай зарадкі. Але я прызнаюся, што і з дзвюма нагамі не прастаю ў планцы столькі, колькі Саша — з пратэзам.

Жена украинского военного: "Вижу — кровь. Он говорит: "Ира, у меня нет ноги"
Сустрэча ў гарах

— У нас ёсць хлопцы, якія з пратэзам вяртаюцца на службу. Нават тыя, у каго нага ампутаваная вышэй за калена. Яны ведаюць, што і ў ролі інструктараў могуць зрабіць многае для таго, каб нашая вайна хутчэй скончылася, — кажа Пётр Градзінар. Так што адказ на вашае пытанне такі: чалавек, які хоча жыць, будаваць сям'ю, дапамагаць сям'і, атрымае такі пратэз, з якім не будзе адчуваць сябе адчужаным ад грамадства.

Мы не кажам, што нашае пратэзаванне дасканалае, што яно найлепшае ў свеце. Але амерыканскія пратэзныя клінікі ўжо прайшлі праз рэформы, якія пакуль не правялі многія іншыя. І мы хочам расці і далей, хочам рабіць сваю справу яшчэ лепш.

 

“Бабуля плакала: унучак, што я магу для цябе зрабіць?”

— Я так ганаруся ім, ганаруся, што ў яго ўсё атрымліваецца. Саша ўдзельнічаў у "Гульнях нязломных", якія праводзіліся сярод параненых. Па плаванні заняў другое месца, і трэцяе месца ў веславанні, расказвае Іра.

Іх сям'і дапамагала шмат людзей. Сашаў найлепшы сябар марафонец, ён дапамог арганізаваць збор грошай. Потым хлопцы пазнаёміліся з трэнеркай з Кіева дзякуючы ёй Саша займаўся ў спартзале. Іншы трэнер узяў яго на плаванне.

— А былі ў бальніцы хлопцы, якім няма каму было дапамагчы. З намі ў палаце ляжаў хлопчык без ног. Я чула, як яму тэлефанавала бабуля, плакала: унучак, я далёка, што я магу для цябе зрабіць? Бабуля старэнькая, прыехаць не можа — а бацькоў у яго няма.

У чарзе ў Protez Foundation стаяць сотні чалавек. Калі вы хочаце дапамагчы ім вярнуцца да звычайнага жыцця заданаціць з Украіны можна тут.

Калі вы знаходзіцеся ў ЕС і хочаце дапамагчы фонду — напішыце нам у рэдакцыю на адрас [email protected] або ў тэлеграм: @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі