Беларуса, які чакае ў Польшчы статусу палітуцекача, могуць экстрадаваць
34-гадовы грамадзянін Беларусі Аляксей Д., які тры гады жыве ў Польшчы і чакае статусу палітычнага ўцекача, быў затрыманы паліцыяй на сваім працоўным месцы. Гэта здарылася 4 студзеня. Як высветлілася, беларускі бок дамагаецца яго экстрадыцыі з Польшчы.
“Для мяне было шокам, калі прыйшлі на працу і майму начальніку паведамілі, што мяне шукае інтэрпол нібыта за згвалтаванне жанчыны. Потым ужо ў паліцэйскім камісарыяце сказалі, што затрыманне звязана з неаплатай падаткаў у Беларусі”, — распавёў Еўрарадыё грамадскі актывіст, сябра руху “Разам” Аляксей Д.
Паводле польскага заканадаўства пытанне аб падаўжэнні арышту разглядаецца цягам 24 гадзін. Спачатку справа Аляксея разглядалася 5 студзеня ў Акруговай пракуратуры ў Варшаве, потым у Акруговым судзе. Суддзя вырашыў выпусціць Аляксея пад заклад, цяпер беларус мусіць два разы на тыдзень з’яўляцца ў паліцыі, а таксама чакаць — ці Беларусь не дашле чарговыя факты парушэння заканадаўства.
Каментуе справу адвакат Аляксея Міхал Захарскі:
“Аляксей Д. будзе з’яўляцца на кожны выклік органаў у справе працэсу экстрадыцыі. Менавіта такое рашэнне суда, з якога мы задаволеныя, бо пракуратура дамагалася часовага арышту. Пакуль перамагае рацыянальнасць і свабода, каб так было далей”.
Сам Аляксей звязвае свой пераслед з грамадскай і палітычнай дзейнасцю ў Беларусі, якую ён распачаў у 2006 годзе і праз пераслед быў вымушаны пакінуць нашу краіну тры гады таму. Гэта не першы выпадак, калі Беларусь дамагаецца ад Польшчы экстрадыцыі сваіх грамадзян. Так больш за 10 гадоў цягнулася судовая справа бізнесоўца Андрэя Жукаўца, таксама беларускі бок дамагаўся экстрадыцыі былога супрацоўніка міліцыі Андрэя Пыжыка.