Беларусам прадаюць туры ў Егіпет, расіяне адтуль эвакуююцца

Беларусам прадаюць туры ў Егіпет, расіяне адтуль эвакуююцца

Апоўдні 9 лістапада туры ў Егіпет беларусам яшчэ прадаюць. Толькі 15% турыстаў з Беларусі вырашылі адмяніць паездкі ў Егіпет ці паехаць у іншую краіну. Такія лічбы называе Лілія Кобзік, рэдактар газеты "Турызм і адпачынак". І гэта нягледзячы на забарону вылетаў з Расіі пасля катастрофы расійскага самалёта, у якой загінула 224 чалавека.

Але, што рабіць, калі вы хочаце перастрахавацца і адмовіцца ад тура ў краіну "усё уключана" з вылетам з Беларусі. Найперш, трэба напісаць заяву на ануляцыю тура. І калі ваш вылет не хутка, ёсць надзея адбіць усе грошы.

"Чалавек звяртаецца з заявай да нас. Мы яе разглядаем. Калі у чалавека вылет няхутка, у сярэдзіне месяца, напрыклад, і цяпер мы анулюем яму тур, то нам не выставіць рахункаў гасцініца. Тады мы можам усё вярнуць. Але калі вылет у чалавека заўтра, то страты будуць. Бо грошы возьме гасцініца, можа за тры дні, і квіток ужо не прадасі", — апісваюць у "Л-турс". У гэтай фірме ануляцый яшчэ не было, іншы накірунак таксама ніхто не абраў.

Па рэкамендацыях Мінспорту і турызму, турфірма мае права вярнуць не ўсе грошы, калі тур анулюецца. Але тады турысту мусяць паказаць, куды пайшлі грошы і пацвердзіць гэта дакументальна.

Іншы варыянт — вы можаце абраць сабе іншы накірунак і адпачыць, напрыклад, у В'етнаме за тыя ж грошы.

"За нейкія туры трэба даплачваць. З кожным кліентам індывідуальна ўсё. В'етнам мы знаходзілі за тыя ж грошы", — тлумачаць у турфірме "Аэратрэвэл". Іншыя папулярныя альтэрнатывы Егіпту — Шры-Ланка і Турцыя. Большасць абірае менавіта такі шлях: мяняюць напрамак.

Калі вы замаўлялі тур з вылетам з Масквы, усё складаней, адтуль самалёты ў Егіпет ужо не лятаюць. Палова просіць кампенсацыю, палова - замаўляе іншыя туры.

"У нас 50 на 50, палова вяртае грошы, палова абірае іншыя напрамкі. І ўсё залежыць ад таго, як хутка ў турыста вылет. Калі няхутка, то можна ўсе грошы вярнуць", — кажуць у "Аэратрэвэл", які працуе праз Маскву.

На расійскім напрамку праблема ў вяртанні грошай, бо па іх вялікія чэргі з турыстаў. І нашы турфірмы, якія працуюць з Егіптам праз Маскву, не могуць гарантаваць поўнай кампенсацыі, пра што кажа Лілія Кобзік.

"Цяпер нашы агенты абяцаюць турыстам, што будуць дамагацца кампенсацыі. Але ці цалкам выплацяць грошы, сказаць немагчыма. Пакуль усё высвятляць, там вялікі трафік, і ў любым выпадку, гэта будзе няхутка".

Цяпер на курортах Егіпта знаходзіцца 1,7 тысячы нашых суайчыннікаў, паведамляе Белта. Запаўняльнасць наступных рэйсаў у Егіпет з Мінска — 98%.

Гэта значыць, толькі 2% адмовіліся ад тураў праз авіякатастрофу расійскага самалёта А321 і наступную забарону вылетаў з Расіі, бо адна з верагодных прычын трагедыі — тэракт. Многія расійскія турысты зараз эвакуююцца з Егіпта. Беларусам туры ў гэтую краіну пакуль прадаюць.

Фота: riviera-t.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі