Беларуска балатуецца ў Еўрапарламент ад Італіі
Вольга Сурынава
У Еўрапарламент ад Італіі балатуецца беларуска Вольга Сурынава, паведамляе Народная амбасада Беларусі ў Італіі. Яна афіцыйная кандыдатка партыі Piu Europa.
"Я беларуска па паходжанні, я родам з краіны, якой дагэтуль даводзіцца змагацца, каб стаць на шлях дэмакратыі і свабоды, на еўрапейскі шлях", — піша Сурынава на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Яна кажа, што будзе весці выбарчую кампанію ад імя беларусаў, якія мараць пра свабодную, дэмакратычную, незалежную Беларусь і змагаюцца за яе. Сурынава перакананая, што Беларусь абавязкова стане часткай еўрапейскай сям'і.
Выбары ў Еўрапарламент пройдуць з 6 па 9 чэрвеня 2024 года. Выбаршчыкі ў 27 краінах выберуць 720 дэпутатаў, якія потым вызначаць склад асноўных органаў ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.