Беларуска двойчы спрабавала прарвацца праз мяжу з салам
Беларуску двойчы злавілі на кантрабандзе сала з Украіны. За дзве спробы ў яе канфіскавалі амаль 300 кг сала.
Як паведамляе сайт Мытнага камітэта, спярша беларуска ехала ў якасці пасажыркай аўтамабіля Renault праз пункт пропуску "Новая Гута". Пад рэчамі на сядушках, у кардонных скрынках і ў дзіцячай калысцы мытнікі выявілі больш за 170 кг салёнага сала. 40-гадовая жанчына сваю віну прызнала цалкам і заявіла, што хацела пазбегнуць выплаты мытных плацяжоў. Суд пакараў у адпаведнасці з Адміністрацыйным кодэксам.
Аднак літаральна праз тыдзень пасля суда жанчына ізноў ехала ў Беларусь па "зялёным" калідоры праз пункт пропуску "Новая Гута". Гэтым разам яна сама кіравала мікрааўтобусам Ford Transit. Пад абшыўкай даху аўтамабіля ў антысанітарных умовах мытнікі і памежнікі знайшлі пласты салёнага сала масай каля 120 кг. Ветерынарнага сертыфікату на гэты тавар, вядома, не было.
Матэрыялы адміністратыўнай справы на яе перададуць у суд.