Беларуска перамагла на конкурсе мадэляў у Дубаі
Анжаліка Кузьмянок / instagram
23-гадовая беларуская мадэль Анжаліка Кузьмянок перамагла ў конкурсе мадэляў Miss Model of the World, які днямі прайшоў у Дубаі.
Па словах дзяўчыны, перамога ў конкурсе прыгажосці была яе дзіцячай марай. Але ў 16 гадоў журы такога конкурсу ў Магілёве сказала Анжаліцы, што яе наўрад ці чакае поспех на такіх івентах — не тая знешнасць. Анжаліка не страціла надзею.
Мадэль кажа, што патрапіць на конкурс у Дубаі ў звычайнага чалавека шанцаў не было. Да таго ж прыгажосць — не галоўны паказчык, па якім ацэньваюць удзельніц.
— Важна тое, што ты з сябе ўяўляеш як мадэль: як дэфіліруеш, мяняеш пазіцыю і шмат іншага, — распавядае Анжаліка.
Для конкурсу беларуска схуднела на тры кілаграмы і на подыум выйшла з параметрамі 88-59-90, пры росце 180 см і вазе 58 кг. Самую прыгожую дзяўчыну выбіралі з 24-х удзельніц.
— Макіяж і ўкладку я рабіла сама, а яшчэ іншым дзяўчынкам дапамагала. Вячэрні ўбор у мяне быў дзякуючы фундатарам з Турцыі, а нацыянальны, у васількі, я рабіла разам з мамай. А вось выхаду ў купальніках не было — усё ж арабская краіна. У беларускіх дзяржведамствах не ведалі, што я буду прымаць удзел у конкурсе — я сама не паведамляла, дапамогі не прасіла, — распавядае Анжаліка. У якасці ўзнагароды яна атрымала карону, скіпетр і грашовую прэмію. Таксама арганізатары паабяцалі магчымасць заключэння кантракта з брэндам.
У свой час Анжаліка атрымала прафесію юрыста ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Але па спецыяльнасці так і не працавала. Цяпер дзяўчына жыве ў Італіі, дзе адкрыла мадэльную школу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.