Беларуска выйграла суд у Міграцыйнай службы Украіны
Пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны аштрафавала жанчыну за пратэрмінаваны беларускі пашпарт. Жанчына аспрэчыла гэтае рашэнне ў судзе, перадае Радыё "Свабода".
Грамадзянка Беларусі жыве ва Украіне з 2008 года і мае дазвол на пастаяннае жыхарства. У 1999-м яна выйшла замуж за грамадзяніна Украіны, у сям'і ёсць двое дзяцей. Дазвол на пражыванне дзейны да 6 чэрвеня 2033 года. Працуе беларуска на пад’ёмным кране ў прыватнай кампаніі.
У снежні 2023 года міграцыйная служба склала на яе пратакол, бо яе пашпарт скончыўся 1 жніўня таго ж года. На жанчыну наклалі штраф — 3400 грыўняў.
Жанчына аспрэчыла гэта ў судзе. Яна заявіла, што аб'ектыўна не мае магчымасці выехаць у Белаорусь для абмену дакумента праз увядзенне ва Украіне ваеннага становішча і актыўныя баявыя дзеянні.
Украінскі суд вырашыў, што дазвол на пастаяннае жыхарства з'яўляецца пасведчаннем асобы і пацвярджае права на жыхарства ва Украіне. Парушэннем, на думку суда, было б пражываць з пратэрмінаваным дазволам на жыхарства, а не нацыянальным пашпартам.
Суд прызнаў адсутнасць віны беларускі: улічваючы "палітычную сітуацыю ва Украіне, спыненне палітычных дачыненняў паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь, прыпыненне дзейнасці на тэрыторыі Украіны консульстваў Беларусі, заяўніца аб’ектыўна, з незалежных ад яе прычын пакуль што пазбаўленая магчымасці ажыццявіць абмен пашпартнага дакумента".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.