Беларускага амбасадара выклікалі ў Дэпартамент замежных спраў Швейцарыі
Дэпартамент замежных спраў Швейцарыі знаходзіцца ў Берне / Reuters
Дэпартамент замежных спраў Швейцарыі запрасіў пасла Беларусі ў гэтай краіне Аляксандра Ганевіча для размовы. Падставай стала затрыманне ў нядзелю ў Мінску журналісткі швейцарскай тэлерадыёкампаніі SRF Люцыі Чыркі.
Яе затрымалі, калі яна разам са знаёмымі ішла ў кафэ. Грамадзянка Швейцарыі паказвала супрацоўнікам у форме свой пашпарт і акрэдытацыю МЗС Беларусі, але ўсё роўна апынулася ў РУУС. У аддзяленні міліцыі яна правяла некалькі гадзін і была вызваленая пасля ўмяшальніцтва амбасады. "Лічу, гэта было чыстае беззаконне", казала журналістка пасля вызвалення.
На сустрэчы ў Дэпартаменце замежных спраў Швейцарыі Аляксандру Ганевічу паведамілі, што знешнепалітычнае ведамства асуджае затрыманне журналісткі і патрабуе "вызвалення ўсіх незаконна затрыманых".
"Швейцарыя працягвае ўважліва сачыць за сітуацыяй", гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы Дэпартамента ў Twitter.
Das @EDA_DFAE hat heute den belarussischen Botschafter Alexander Ganevich einbestellt. Es hat die gestrige Festnahme von Journalistin @LuziaTschirky verurteilt & die Freilassung aller willkürlich inhaftierten Personen gefordert. Die Schweiz verfolgt die Situation weiter genau.
— EDA - DFAE (@EDA_DFAE) February 1, 2021
У нядзелю ў Беларусі былі затрыманыя каля 170 чалавек, у тым ліку некалькі лекараў і топ-менеджары кампаніі "Зубр Капітал". У панядзелак пачаліся суды над затрыманымі. Кіраўнік дэпартамента кантролінгу і менеджменту рызык "Зубр Капітал" Яўген Бачышчаў, да прыкладу, быў асуджаны на 15 сутак арышту. На 15 сутак арыштавалі і дачку эканаміста Вадзіма Іосуба Наталлю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.