“Беларуськалій” патрабуе ад Літвы кампенсацыю ў памеры 12 млрд долараў
"Беларуськалій" пад санкцыямі
“Беларуськалій” патрабуе ад Літвы шалёных грошай. У іску, які быў пададзены супраць гэтай краіны ў міжнародны арбітраж, патрабуецца кампенсацыя ў памеры 12 млрд долараў! Пра гэта паведамляе ў чацвер lrt.lt са спасылкай на свае крыніцы.
На думку беларускай кампаніі, Літва парушыла дамоўленасці і міжнародныя абавязальніцтвы, правы "як замежнага інвестара", калі забараніла “Беларуськалію” транспартаваць прадукцыю праз сваю тэрыторыю. Аднак першае пасяджэнне арбітражу па справе чакаецца толькі ў 2026-м.
Міністэрства транспарту і камунікацый, якое прадстаўляе інтарэсы Літвы ў гэтай спрэчцы, заявіла, што Вільня не згодная з патрабаваннямі, выкладзенымі ў іску. Свае аргументы паабяцала выкласці ў арбітражным судзе.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, літоўскі бок лічыць, што патрабуючы $12 мільярдаў, "Беларускалій" імкнецца напалохаць літоўцаў. У Літве адбываецца змена ўладаў і ў Мінску спадзяюцца на перамовы. На думку крыніц выдання, галоўная мэта "Беларускалья" — не столькі пакрыццё шкоды, колькі поўная адмена санкцый (нібыта гэта робіцца на ўсіх узроўнях і ўсімі сродкамі).
Літва скасавала пагадненне пра перавозку беларускіх угнаенняў "з меркаванняў нацыянальнай бяспекі" ў лютым 2022-га. Яны адпраўляліся праз порт у Клайпедзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.