Беларускамоўных выкладчыкаў-матэматыкаў “запрасілі” ў фінансавую міліцыю

Беларускамоўных выкладчыкаў-матэматыкаў “запрасілі” ў фінансавую міліцыю

У Мінску сёння адбыліся вобшукі на кватэрах Паўла Букі і Змітра Канаплянікава — сябраў Грамадскага аб'яднання “Інстытут матэматыкі і кібернетыкі”. Калі карэспандэнт “Нашай Нівы” дазваніўся спадару Буку, службовыя асобы везлі яго ў Мінскі міжраённы аддзел Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

Прычынай, паводле супрацоўнікаў ДФР КДК, стала падазрэнне ў дзейнасці без адпаведнай ліцэнзіі.

На пытанне, ці ён затрыманы, спадару Буку адказалі, што пакуль не, толькі “запрошаны”.

Паводле словаў Паўла Букі, падобнае “запрашэнне” атрымаў і яго калега Зміцер Канаплянікаў. Жонка Змітра, Таццяна Тоўсцік, якая таксама супрацоўнічае з “Інстытутам матэматыкі і кібернетыкі”, засталася дома, бо мае на руках малое дзіця.

“Інстытут матэматыкі і кібернетыкі” распрацаваў адукацыйную праграму для беларускамоўнага навучання праграмістаў.

У Беларусі, паводле словаў Паўла Букі, магчымасці дзейнічаць не было, таму яны дамовіліся з Міжнародным эканамічна-гуманітарным універсітэтам імя акадэміка Сцяпана Дзем'янчука ў Роўне (Украіна). Там беларускамоўныя праграмісты мусілі вучыцца асобнай плынню і пасля чатырох гадоў навучання атрымліваць афіцыйны ўкраінскі дыплом.

У Беларусі сябры грамадскага аб'яднання ладзілі толькі бясплатныя лекцыі.

“Мы ні ў чым не вінаватыя, — упэўнены Павел Бука. — Мы вельмі доўга думалі, як арганізаваць нашу дзейнасць так, каб не парушыць ніводнага закона”.
 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі