Беларуская мытня палічыла сімволіку полка “Азоў” экстрэмісцкай (фота)

Беларуская мытня палічыла сімволіку полка “Азоў” экстрэмісцкай (фота)

Алесь Таболіч — даўно вядомы ў беларускіх музычных метал-колах і сам можа рыкам са сцэны напалохаць каго хочаш. Але ў ноч з 17 на 18 снежня Алеся Таболіча напалохала звычайная беларуская мытніца.

“Да Беларусі мы ўначы пад’ехалі. Украінскую мяжу праехалі хутка. Усё нармальна. Пад’язджаем да нашых. Тут жанчына, мытніца. Падыходзіць да нас, убачыла маленькі жоўта-блакітны сцяжок. Дастала і як пачала крычаць: “Сюды!”. Я ажно перапужаўся. Бягуць усе памежнікі, мытнікі. Крычаць: “Злавілі!”. Я ім такі кажу: што? Яны канверт раскрылі і кажуць, што гэта ж “Азоў”, батальён, які на Данбасе людзей б’е”, — расказвае Таболіч.

Разам з жонкай музыку трымаюць на беларускай мяжы больш за сем гадзін. Праводзяць дагляд (да ніжняй бялізны), выпытваюць, дзе быў і куды едзе. “Жонка пачала моцна хвалявацца, на эмоцыях”, — расказвае Таболіч. Пасля “вызвалення” ад мытнікаў пары прыйшлося незапланавана заначаваць у Мазыры — ехаць да Мінска моцна стомленымі было небяспечна.

Беларуская мытня палічыла сімволіку полка “Азоў” экстрэмісцкай (фота)

Па словах музыкі, ён нават не ведаў, што было ў тым канверце з жоўта-блакітным сцяжком — сябры падарылі ў Кіеве, ён кінуў у машыну не гледзячы:

“Мы ва Украіне ў сваіх сяброў былі. Сябры перадалі нам невялікі канверт, там сцяжкі полка “Азоў”, значкі нейкія, магніцікі на лядоўню, трызубы, невялікія налепкі”.

Падчас дагляду ў нешчаслівым канверце супрацоўнікі Мытнага камітэта Беларусі знайшлі і перапісалі 35 адзінак “крамольнай” прадукцыі. Сярод іх “Моцная вялікая Украіна” — 3 штукі, сімволіка палка “Азов” — 11 штук, “Dynamo ultras” — 1 штука і яшчэ шмат іншага. Усё знойдзенае ў Таболіча забралі на экспертызу, яе вынікі стануць вядомыя на працягу месяца. Музыка дагэтуль не можа зразумець, як так магло адбыцца:

“Што там такога было ў гэтых налепках? Я пасля нават адмыслова пашукаў у інтэрнэце — полк “Азоў” знаходзіцца ў складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны, афіцыйна ўваходзіць у склад Міністэрства унутраных спраў. Як яго эмблема можа быць незаконнай?” Алесь Таболіч дагэтуль здзіўлены.

 

Каментарый Мытнага камітэта

 

Прэс-сакратар Дзяржаўнага мытнага камітэта Святлана Мардас у каментарыі Еўрарадыё паведаміла, што мытнікі звяртаюць увагу на падазроных падарожнікаў, могуць папрасіць прайсці дагляд, адправіць штосьці на дадатковую экспертызу.

“Рашэнне аб гэтым прымаюць супрацоўнікі, яны не могуць без экспертызы высветліць, ёсць там экстрэмізм, альбо не. Тут шмат фактараў уплываюць. Частата паездак ва Украіну, іншыя. Каб разабрацца ў гэтай гісторыі, трэба валодаць усёй інфармацыяй”, — кажуць У Мытным камітэце.

Еўрарадыё накіравала туды падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт разам з копіяй уведамлення аб прыняцці рашэння на накіраванне знойдзеных у Алеся Таболіча рэчаў на экспертызу. Будзем сачыць за працягам гісторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі