Беларуская скульптарка трапіла пад санкцыі — ёй давялося закрыць свой бізнес
Фота з архіва гераіні публікацыі
Пачынаючы з канца траўня 2021 года праз палітычную сітуацыю ў краіне, а пазней стаўшы суагрэсарам у вайне з Украінай, Беларусь апынаецца пад усё большай колькасцю санкцый. Закрытыя авіязносіны з многімі дзяржавамі, некаторыя буйныя вытворцы пакідаюць рынак, беларускія банкі адключаюць ад міжнародных плацежных сістэм. І гэта толькі тое, што з ходу прыходзіць у галаву.
Часцяком санкцыі адбіваюцца і на простых беларусах. Скульптарка з Мінска расказала, як ёй давялося закрыць свой бізнес, чым яна збіраецца зарабляць на жыццё далей і ці думае выехаць за мяжу.
Марына (імя змененае) займаецца скульптурай ужо амаль 15 гадоў. Дзяўчына аформленая як рамесніца. У яе была інтэрнэт-крама на амерыканскай гандлёвай пляцоўцы Etsy, дзе яна і прадавала свае работы. Пакуль два тыдні таму ёй не прыйшло паведамленне ад уладальнікаў пляцоўкі пра тое, што Марыніну краму закрываюць.
— Ліст быў з такім сэнсам, маўляў, прабачце, ваша крама заблакаваная, бо яна знаходзіцца на тэрыторыі агрэсіўна настроенай дзяржавы. Мне далі 10 дзён, каб я закрыла заказы, — расказвае скульптарка.
Марына кажа, што Etsy вельмі добрая гандлёвая пляцоўка. І прадаваць праз яе свае работы было вельмі зручна.
— У мяне ёсць і інстаграм, і старонка на фэйсбуку. Я там публікую допісы са сваімі работамі. Але ўсё роўна заўсёды давала спасылкі на Etsy, бо і аплату праз пляцоўку можна было правесці без праблем, і вітрына там была вельмі прыгожая. Калі параўноўваць гэтую пляцоўку, напрыклад, з расійскай "Ярмаркой мастеров", то для бізнесу яна падыходзіць значна лепш. Тая ж "Ярмарка мастеров" не рэкламуе цябе. Проста стварыў краму і стварыў. А Etsy зацікаўленая ў продажы тваіх работ. Там можна і знешнюю рэкламу стварыць, уключыць у гугле паказы за пэўную плату. На "Ярмарке мастеров" ты плаціш толькі за размяшчэнне работ. І ім усё роўна, прадаешся ты ці не. Так што туды я ісці не збіраюся. Хіба што вітрыну там можна стварыць.
Тое, што Etsy папрасіла Марыну закрыць сваю краму, не адзіная праблема, з якой сутыкнулася майстрыха праз санкцыі супраць Беларусі.
— Цяпер Western Bid у нас не працуе. Я апошнім часам рабіла скульптуры толькі на амерыканскі рынак. Для беларускага мае работы занадта дарагія. Гэта, вядома ж, таму, што і выдаткі на іх выкананне высокія. Раней рабіла і ў Еўрасаюз. Але там былі ўведзены змены па пасылках. Калі атрымліваеш заказ на пошце, трэба заплаціць пошліну. І вось яе вельмі моцна паднялі. Праз гэта значна вырас кошт пасылак. Пры тым што скульптуры ў мяне і так не танныя. Таму я закрыла дастаўку ў Еўрасаюз, — працягвае суразмоўніца. — Калі ты прадаеш праз Etsy ці іншую замежную пляцоўку, то патрэбны пасярэднік, каб выводзіць грошы. У маім выпадку гэта рабіў Western Bid. Ён прымаў іх да сябе, а потым пераводзіў на "Золотую корону" [плацежная сістэма. — Еўрарадыё].
Ад Western Bid скульптарцы таксама прыйшоў ліст пра спыненне супрацоўніцтва з ёй. Але і гэта яшчэ не ўсё. Праз адсутнасць авіязносін пасылкі, якія Марына адправіла раней, завіслі на мытні.
— Калі пачалася вайна, пасылкі захраслі. Тая, якая была адпраўлена ў канцы лютага, да гэтага часу на мытні. Не кажучы ўжо пра тыя, што адпраўляла пазней. Раней бывала, што пасылка даходзіла да Амерыкі і за пяць дзён. Але ў сярэднім два тыдні. Затрымкі здараліся ў часе пандэміі, калі не ляталі самалёты. Пасылкі ішлі па два-тры месяцы. Але тады іх хоць адпраўлялі на караблі. Можа, цяпер таксама так адправяць. Western Bid сказаў, што не выплаціць беларусам грошы за іх работы, пакуль пасылкі не будуць дастаўленыя пакупніку. Раней, як толькі ты адпраўляеш пасылку і ўводзіш трэк, можаш атрымаць свой "заробак". Але я нават гатовая вярнуць заказчыкам грошы. Невядома, колькі будуць ісці пасылкі. Не хочацца прымушаць людзей чакаць.
Продаж скульптур — гэта была асноўная крыніца даходу Марыны. Яна кажа, што яе сям'я жыла па большай частцы менавіта на гэтыя грошы.
— Я б з задавальненнем займалася і далей тым, чым займалася. Акрамя таго, што гэта справа, у якую я ўкладвала душу, грошы, заробленыя на заказах, дапамагалі вельмі нядрэнна жыць у Беларусі. У месяц у мяне было па чатыры-пяць заказаў. І на грошы ад іх цалкам можна жыць сям'і з трох-чатырох чалавек.
Нягледзячы на цяжкасці, Марына не адчайваецца і шукае магчымасці працягваць займацца любімай справай і зарабляць менавіта гэтым. Нават бачыць у сітуацыі, якая склалася, пэўныя плюсы.
— Калі зачыняюцца адны дзверы, адчыняюцца нейкія іншыя, — разважае майстрыха. — Думаю, што так яно і ёсць. Раней я рабіла вельмі шмат копій пад заказ. Праз гэта ў маім жыцці было мала творчасці. Нешта новае, што я прыдумляла, паспявала ўвасобіць у лепшым выпадку толькі раз на два месяцы, у прамежках паміж заказамі. А цяпер я ў такой сітуацыі, што магу не рабіць ніякіх паўтораў, проста тварыць. Я адчуваю нават нейкую свабоду. У мяне ў галаве велізарная колькасць ідэй, якія мне хацелася б рэалізаваць.
У Марыны ёсць ідэя заняцца афармленнем інтэр'ераў.
— Каб у іх мае работы былі ўпісаныя. Гэта, можна сказаць, мая мара — ствараць ідэальныя прасторы, — дзеліцца скульптарка.
На пытанне, ці думала яна пра пераезд у іншую краіну праз немагчымасць у цяперашні момант нармальна працаваць у Беларусі, дзяўчына адказвае адназначна: не.
— Я мяркую, што для беларусаў цяпер вельмі неспрыяльны час для міграцыі. І я не хачу адсюль з'язджаць. Не толькі цяпер, але і наогул. Я прывязаная да свайго месца. Пераязджаць будзе вельмі складана. Тут мае карані, сям'я, дзеці, тут увесь свет. І калі пераезд — гэта заўсёды стрэс, то з дзецьмі — гэта патройны стрэс. Пераехаць на эмоцыях, праз нейкую неспрыяльную сітуацыю... Я не люблю дзейнічаць у такім стане. Калі і пераязджаць, то гэта павінна быць узважанае рашэнне, з дакладным усведамленнем таго, што там табе будзе лепш. Самае лепшае, што цяпер можна зрабіць, гэта сабрацца, ашчаджаць свае рэсурсы і нікуды не рухацца. Думаю, што нават цяпер не ўсё страчана. Трэба проста вывучыць гэтае пытанне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.