Беларускі "бязвіз" найбольш папулярны ў літоўцаў і латышоў
Палякаў бязвізавы рэжым з Беларуссю зацікавіў менш за іншых / pixabay
Больш за 144 тысячы замежнікаў прыехалі ў Беларусь за тры месяцы бязвізавага рэжыму, піша Deutsche Welle.
Для грамадзянаў Літвы і Латвіі магчымасць прыехаць па бязвізе ў Беларусь з'явілася 15 красавіка. Нягледзячы на тое, што ўлады краін не рэкамендуюць наведваць Беларусь, за гэты час мяжу перасеклі 93 740 грамадзянаў Літвы. У латышоў беларускі бязвіз менш папулярны — з Латвіі ў Беларусь прыехала больш за 37 тысяч грамадзянаў еўрапейскай краіны.
Некаторыя едуць у Беларусь, каб адведаць сваякоў. Сярод іншых прычын — шопінг. Сойму Латвіі давялося нават уносіць папраўкі, каб грамадзяне краіны радзей увозілі ў краіну з Беларусі падакцызныя тавары, напрыклад, цыгарэты і алкаголь. Раней на такі "шопінг" можна было адпраўляцца раз на тыдзень, цяпер — толькі раз на месяц. Увозіць паліва наогул забаранілі.
Сярод грамадзянаў Польшчы беларускі "бязвіз" не вельмі папулярны. Магчымасць прыехаць у Беларусь без візы з'явілася ў палякаў 1 ліпеня, за гэты час яе скарысталі 1574 чалавекі.
Бязвізавы рэжым для грамадзянаў Польшчы, Літвы і Латвіі будзе дзейнічаць да 31 снежня 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.