Беларускі МЗС прыгразіў краінам ЕС "пажарам", які "ахопіць увесь рэгіён"
Міністэрства замежных спраў Беларусі
Беларусь будзе ў поўнай меры выкарыстаць сваё права на самаабарону, гаворыцца ў афіцыйнай заяве беларускага МЗС. Такім чынам чыноўнікі дапоўнілі заяву Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў, што ў ноч з пятніцы на суботу ўкраінскія беспілотнікі нібыта парушылі паветраную прастору Беларусі.
"Звяртаемся да народаў суседняй Еўропы: у выпадку пашырэння канфлікту пажар ахопіць увесь рэгіён і перакінецца, у тым ліку, на краіны ЕС. Пераможцаў не будзе! Астудзіце ваяўнічых палітыкаў!" — гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.
Сёння Мінабароны Беларусі заявіла аб планах перакінуць у памежныя з Украінай рэгіёны рэактыўныя сістэмы "Паланэз" і комплексы "Іскандэр". Ва ўкраінскім Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны ўжо пракаментавалі гэтыя дзеянні беларускага боку. Там лічаць заявы беларускіх чыноўнікаў спробай адцягнуць увагу Кіева і справакаваць перакідку ўкраінскіх войскаў для дадатковай абароны мяжы з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.