Беларускі трэнер Скрыпчанка не прапрацаваў у Ерэване і двух месяцаў
Беларускі футбольны трэнер Вадзім Скрыпчанка не прапрацаваў у Ерэване і двух месяцаў. Яго звольнілі з пасады галоўнага трэнера каманды "Арарат-Арменія". Як інфармуе "Прэсбол", кіраўніцтва клуба назвала прычынай "нездавальняючыя вынікі".
Скрыпчанку 42 гады. Ён працаваў у трэнерскім штабе БАТЭ, а ў 2011-2013 гадах быў галоўным трэнерам ФК "Мінск". У якасці асістэнта Віктара Ганчарэнкі паехаў на працу ў Расію, спачатку ў ФК "Кубань", пасля — у ФК "Урал". З апошняй каманды Ганчарэнка сышоў, а Скрыпчанка застаўся. Пасля былі "Крылы Саветаў", "Анжы", якія ён трэніраваў не вельмі ўдала: каманды развітваліся з элітай. Галоўным трэнерам "Арарат-Арменія" беларускага спецыяліста прызначылі 2 жніўня. Ад таго часу ў армянскай Прэм'ер-лізе каманда тройчы прайграла, тройчы выйграла і два матчы згуляла ўнічыю. Яна займае 5-е месца ў турнірнай табліцы.