Беларускія алімпійскія чэмпіёны накіравалі ліст у Міжнародны алімпійскі камітэт
Беларускія алімпійскія чэмпіёны і прызёры Гульняў накіравалі ліст кіраўніцтву Міжнароднага алімпійскага камітэта (прэзідэнту і чальцам выканкама). Яны выступаюць у падтрымку беларускай мужчынскай зборнай па веславанні, якую адхілілі ад Алімпіяды 2016 года (у Бразіліі не змогуць выступіць 7 спартсменаў, якія заваявалі алімпійскія ліцэнзіі). Такое рашэнне прыняў Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі каноэ з-за "фактаў сістэматычнага спажывання допінгу спартсменамі". Спартсмены, трэнеры, медперсанал мужчынскай зборнай адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў на 1 год. Нацыянальны алімпійскі камітэт і Мінспорту лічаць, што такое рашэнне “абсалютна нічым не абгрунтаванае і вынесенае на падставе надуманай нагоды”. 18 ліпеня ў Арбітражны спартыўны суд у Лазане беларусы пададуць пакет дакументаў.
У лісце да кіраўніцтва МАК беларускія алімпійскія чэмпіёны і прызёры Гульняў адзначаюць, што Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі каноэ прыняў рашэнне, "не маючы ніякіх доказаў і канкрэтных фактаў". У 2016 годзе ніхто з беларускіх весляроў не быў злоўлены на допінгу, а згаданыя 7 спартсменаў, адхіленых ад Алімпіяды, не мелі такіх праблем на працягу ўсёй сваёй кар'еры. У лісце змешчаны заклік да кіраўніка МАК і чальцоў выканкама арганізацыі "выступіць гарантам сумленнай барацьбы і абараніць правы чыстых спартменаў, выключыць з алімпійскага спорту любыя выпадкі неспартыўных прынцыпаў прыняцця рашэння, карупцыі і прадузятасці".
Адзначым, што прозвішчы беларускіх спартсменаў, якія падпісалі ліст, не называюцца.