Беларускія баскетбалісткі прайгралі іспанкам матч за бронзу (відэа)
Наша каманда заняла на чэмпіянаце Еўропы 4-е месца.
У нядзелю, 28 чэрвеня, у Будапешце прайшоў матч за бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы па баскетболе. Сустракаліся жаночыя зборныя Беларусі і Іспаніі. Беларускі, якія ўпэўнена пачалі гульню, у далейшым упусцілі ініцыятыву, дапускалі шмат памылак і прайгралі — 58:74 (18:12, 12:22, 14:21, 14:19). Самымі выніковымі былі Зюзькова і Леўчанка — па 13 ачкоў. Да таго ж у апошняй 15 падбораў, 3 пасы. У Хардзінг 8 ачкоў, 3 падборы і 6 пасоў.
Нагадаем, на першым этапе беларускі атрымалі чатыры перамогі: былі абыграныя Італія — 85:76 (у авертайме), Польшча — 65:49, Турцыя — 67:52, Грэцыя — 82:57. На другім этапе наша зборная тройчы прайграла: Чэхіі — 70:73, Чарнагорыі — 72:77, Францыі — 58:64. Тым не менш, каманда Анатоля Буяльскага выйшла ў 1/4 фіналу, дзе абыграла зборную Літвы — 68:66. У паўфінале ў роўнай гульні беларускі саступілі Сербіі — 72:74. Больш падрабязна пра гульню зборнай Беларусі на кантынентальным першынстве гл. тут.
У фінальным матчы Сербія выйграла ў Францыі — 76:68. Сербкі сталі чэмпіёнкамі Еўропы.
Адзначым, што зборная Беларусі на чэмпіянаце Еўропы заваявала права паўдзельнічаць у перадалімпійскім кваліфікацыйным турніры, які пройдзе ў 2016 годзе.
Фота: fibaeurope.com