Беларускія дэпутаты яшчэ не гатовыя ратыфікаваць дамову аб ЕЭС
Яны працягваюць яго абмеркаванне, у прыватнасці нафтавы аспект.
Калі пытанне аб ратыфікацыі можа разглядацца ў Палаце прадстаўнікоў, пакуль невядома. Пра гэта паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на аднаго з дэпутатаў, які не называецца. Расія дакумент ужо ратыфікавала, сёння яго падпісаў Уладзімір Пуцін. Не спяшаецца Казахстан, які, нібыта, абяцаў правесці ратыфікацыю 1 кастрычніка. У Беларусі гэта можа адбыцца 7 кастрычніка.
Як вядома, беларускі бок хоча вырашыць праблему з "падаткавым манеўрам" Расіі ў нафтавай сферы, які можа прынесці нашай краіне да 1 млрд долараў страт (пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка). Мінск хоча цалкам пакідаць у сваім бюджэце экспартныя мыты на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты. Штогод у расійскі бюджэт Беларусь пералічвае да 4 млрд долараў.
Нагадаем, дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе была падпісаная ў траўні ў Астане кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі. Дакумент фіксуе дамоўленасці гэтых краін "аб пераходзе да наступнай стадыі інтэграцыі пасля Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы". Расійскі бок падкрэслівае, што "завяршаецца фармаванне найбуйнейшага агульнага рынку на прасторах СНД у 170 мільёнаў чалавек, які стане новым магутным цэнтрам эканамічнага развіцця".
Штаб-кватэра Еўразійскай камісіі будзе знаходзіцца ў Маскве, а суд — у Мінску.
Дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года.
Фота — sb.by