Беларускія музыкі падтрымалі украінскіх пратэстоўцаў

Ва Украіне працягваюцца масавыя акцыі пратэсту прыхільнікаў еўраінтэграцыі. Яны пачаліся пасля таго, як украінскі ўрад адклаў падпісанне дамовы пра асацыяцыю з Еўрасаюзам. У ноч на 30 лістапада спецназ жорстка разагнаў еўрамайдан у цэнтры Кіева. У адказ на гэта ў нядзелю, 1 снежня, на вуліцы і плошчы выйшла да 500 тысяч чалавек.

На падзеі ў суседняй Украіне адгукнуліся і беларускія музыкі. Лявон Вольскі, Алег Хаменка, Зміцер Вайцюшкевіч, рэпер Vinsent ды гурты Аkute і Sciana выказалі словы падтрымкі ўкраінскаму народу праз беларускі музычны партал Tuzin.fm.

Лявон Вольскі мае багата сяброў ва Украіне, калісьці выступаў на Майдане падчас Аранжавай рэвалюцыі. Пра апошнія навіны з Еўрамайдана ён дазнаецца непасрэдна ад свайго калегі — лідара гурта "Тартак" Аляксандра Палажынскага, які бярэ актыўны ўдзел у кіеўскіх падзеях.

"Украінскія браты й сёстры! Жадаю вам хуткай перамогі, а пасля — не расчаравацца ў гэтай перамозе. Будзьце пільныя — не дайце сябе заблытаць, справакаваць і ашукаць! А ўвогуле, выдатна, што побач з намі ёсць сусед, годны і неабыякавы да свайго лёсу. Слава Україні!" — заявіў музыка ў каментарыі "Тузіну".

Словы падтрымкі ўкраінцам выказвае і лідар гурта "Палац" Алег Хаменка:

"Я адчуў поўную разгубленасць, калі ў навінах па расійскім тэлебачанні сказалі, што Януковіч пагаварыў з "адным самых уплывовых людзей у свеце" ды змяніў сваё рашэнне наконт еўраінтэграцыі. Цяпер віруюць надзвычайныя эмоцыі, гэта вымагае зрабіць непрадуманыя дзеянні. Хачу пажадаць украінцам быць мудрымі. Слава Украіне!"

Гурт Akute цалкам падтрымлівае памкненні ўкраінцаў: "Мы вітаем гэтыя падзеі і шчыра зычым каб у нашых суседзяў усё атрымалася. Слава Украіне!"

Не застаўся ў баку ад падзей і музыка Зміцер Вайцюшкевіч:

"Маю спадзеў, што імкненні простых людзей спраўдзяцца і Украіна знойдзе сваю еўрапейскую будучыню. Шчыра жадаю, каб украінцы пайшлі сваім шляхам, займелі надзейную будучыню, а не безнадзейную, як таго прагнуць некаторыя".

Брэсцкі гурт Sciana, якому належыць песня "Беларусь-Украіна", выкананая сумесна з украінскім гуртом "Роллікс", таксама выказаў словы падтрымкі суседзям:

"Вельмi трывожна нам цяпер назiраць за падзеямi ва Украiне. Бо нашым братам хочуць навязаць чужы выбар. Аднак мы верым, што яны змогуць адстаяць сваю волю. Трымайцеся!" — кажа аўтар словаў да гэтай песні Андрэй Клімус.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі