Беларускія памежнікі: Джып, які прарываўся ў Беларусь, мог не быць ва Украіне

Беларускія памежнікі: Джып, які прарываўся ў Беларусь, мог не быць ва Украіне

Джып, які прыблізна ў 1.45 ночы 20 сакавіка “прарываўся ў Беларусь з боку Украіны” праз памежны пераход “Аляксандраўка”, мог ва Украіну і не заязджаць. Такую верагоднасць не выключаюць у Камітэце памежнага кантролю Беларусі. Асабліва з улікам заявы ўкраінскіх памежнікаў, што гэтая машына не перасякала дзяржаўную мяжу Украіны.

“Прыблізна ў 0.20 ў гэтую ж ноч гэты джып афармляўся на выезд з Рэспублікі Беларусь. І ў ім, наколькі мне вядома, знаходзіўся толькі адзін чалавек. Да мяжы з Украінай там дастаткова вялікая адлегласць. У тым ліку маецца адзіны населены пункт ― Аляксандраўка. І цяпер у межах распачатай крымінальнай справы высвятляюцца ўсе абставіны гэтага здарэння”, ― кажа афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі.

Такім чынам, з моманту выезду з Беларусі ў 0.20 да моманту спробы “сілавога” вяртання на радзіму ў 1.45 гадзін гэтай жа ноччу праходзіць менш за паўтары гадзіны. За гэты час у салоне машыны з’яўляюцца пасажыры і зброя. Адкуль?

Глядзім на мапу: ад беларускага кантрольна-прапускнога пункта да ўкраінскага ― каля 14 кіламетраў. Паміж імі знаходзіцца вёска Аляксандраўка, каб патрапіць у якую, неабходна прайсці беларускі памежны і мытны кантроль. За вёскай — мяжа з Украінай, да якой яшчэ не адзін кіламетр.

“З улікам той адлегласці, якая існуе паміж украінскім і беларускім пунктамі пропуску, ён цалкам рэальна мог і сысці некуды ў бок. Бачна, што калі яны выязджалі з Беларусі, машына была “чыстая”, а вось калі ў адваротным кірунку “заляталі” ― тут бачна, што яны імкнуліся імгненна “сысці”. Такая тактыка перасячэння мяжы можа выкарыстоўвацца не толькі ў пунктах пропуску, але і на ўчастках “зялёнай мяжы”. Тут разлік на раптоўнасць і, у дадзеным выпадку, на тое, што службы не паспеюць зрэагаваць і арганізаваць пераслед. Але вынікі затрымання паказваюць, што ўсё было зроблена дастаткова хутка”, ― лічыць былы прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Нагадаем, джып на хуткасці збіў памежны шлагбаум, пераскочыў праз “сродкі прымусовага спынення і зрабіў спробу прарыву ўглыб тэрыторыі Беларусі”. Каб спыніць машыну, памежнікам давялося страляць. У выніку двое чалавек затрыманыя, не выключаецца, што яшчэ аднаму ўдалося збегчы. У машыне знайшлі пісталет ТТ і два магазіны з патронамі для яго, а таксама рэчы, падобныя на трацілавыя шашкі, электрадэтанатары, ручныя гранаты, пластыд і выбуховае прыстасаванне. Следчым камітэтам распачатая крымінальная справа. Грамадзянства затрыманых следчыя пакуль не паведамляюць.

На сёння самым галоўным падаецца адказ на пытанне: з якой мэтай зброю спрабавалі правезці ў Беларусь? Але і на гэта пытанне следчыя СК пакуль нічога не адказваюць…

Фота gpk.gov.by, sk.gov.by

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі