Беларускія прадпрымальнікі плануюць сабраць 50 тысяч подпісаў
Беларускія прадпрымальнікі будуць збіраць 50 тысяч подпісаў. Старт кампаніі прызначаны на панядзелак, 11 красавіка. Яе мэта — адмена ўказаў кіраўніка дзяржавы № 222 і № 48, паведамляе сайт bchd.info.
Адзначаецца, што кампанія распачынаецца ў рамках дзеяння "Камітэта выратавання прадпрымальніцтва", які быў створаны на пачатку 2016-га "на хвалі пратэстаў індывідуальных прадпрымальнікаў". Сёння а 12-й гадзіне ў Мінску пройдзе прэс-канферэнцыя лідараў прадпрымальніцкага руху. Сярод удзельнікаў называюцца Аляксандр Макаеў, Віктар Гарбачоў, Анатоль Змітровіч, Мікалай Чарнавус. Ці падтрымаюць гэтую акцыю ўсе лідары прадпрымальніцкага руху, пакуль невядома.
Указ Аляксандра Лукашэнкі № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі" быў падпісаны ў траўні 2014 года, а ўказ № 48 "Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за забеспячэннем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў" — у лютым 2015-га. Індывідуальныя прадпрымальнікі сцвярджаюць, што выканаць патрабаванні ўказаў практычна немагчыма.