Беларусы хацелі трапіць у Саюз стралкоў Літвы, але ім адмовілі. Даведаліся чаму
Саюз стралкоў Літвы / lrt.rt
Два беларусы звярнуліся ў Саюз стралкоў Літвы пасля публікацыі навін пра тое, што арганізацыя стане прымаць у свае шэрагі замежных грамадзян. Ім прыйшла адмова.
— Сябрамі Саюза стралкоў Літвы могуць быць толькі асобы з літоўскім грамадзянствам. Пра гэта кажа закон аб Саюзе стралкоў Літвы, які зацвярджаецца ўрадам краіны.
Рашэнні аб прыёме новых сябраў у Саюз стралкоў Літвы прымае ўрад Літвы, а не мы.
Саюз стралкоў — гэта ваенізаваная арганізацыя, якая фактычна рыхтуе людзей, якія ў выпадку вайны гатовыя "стаць пад ружжо". Свайго роду — аснова тэрытарыяльнай абароны.
Калі на тое, Саюз ніколі не прымаў у свае шэрагі замежнікаў. Але ў медыя была апублікавана інфармацыя пра тое, што беларусы стануць першымі замежнікамі, якія змогуць папоўніць яго шэрагі. Аўтары матэрыялу спасылаліся на прэзідэнта клуба Путвінскіса Стасіса Ігнатавічуса.
Але ў Саюзе стралкоў Еўрарадыё растлумачылі, што гэты клуб проста носіць імя аднаго з заснавальнікаў Саюза. З самім Саюзам ён ніяк не звязаны.
Беларусы, якія звярнуліся ў Саюз стралкоў Літвы пасля публікацый у медыя, не сталі ўдакладняць у запытах свае матывы. Яны проста папрасілі даць крыху больш інфармацыі пра магчымасць, пра якую прачыталі ў медыя.
А калі вайна? Што рабіць беларусу, які жыве ў Літве?
— Існуе мноства грамадскіх арганізацый і валанцёрскіх арганізацый, якія маюць вялікую патрэбу ў дапамозе, — сказалі ў Саюзе стралкоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.