Беларусы могуць перасесці на электрамабілі ўжо ў 2012 годзе

Першыя электрамабілі з’явяцца ў беларускіх аўтасалонах ўжо праз 2 гады, калі кампанія “Рэно” наладзіць іх масавы выпуск. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў спецыяліст па брэнду і маркетынгу Аўтапрамсервіса “Рэно” у Мінску Дзяніс Скарабагаты. Па яго словах, ужо сёння ў кампанію штодня тэлефануюць некалькі чалавек, зацікаўленых набыццём электрамабіляў.
Дзяніс Скарабагаты: “Недзе па 2-3 званкі ў дзень бывае, таму што гэтая інфармацыя вісіць на сайце. Там у прынцыпе так распісана, што можна зразумець, што на дадзены момант іх яшчэ няма ў камерцыялізацыі, трэба пачакаць”.
Па словах Дзяніса Скарабагатага, экалагічна чыстыя электракары будуць толькі на 10% даражэйшыя за паліўныя адпаведнікі. Напрыклад, сямейны седан прадстаўнічага класа ў “Рэно” можна будзе набыць за 20 тысяч долараў. Тым не менш галоўны рэдактар газеты “Аўтабізнэс” Дзмітры Навіцкі раіць не спяшацца з высновамі наконт “зялёных аўтамабіляў”. Разам з электракарамі аўтаўладальнікі набудуць сабе і дадатковыя праблемы. 
Дзмітры Навіцкі: “Калі зараз узяць калькулятар і падлічыць, то магчыма электрамабіль будзе больш выгадным, аднак як толькі іх стане шмат, адразу ўзнікне праблема коштаў электраэнергіі. Яна непазбежна падаражэе. А да таго ж, калі ўсе перасядуць на электрамабілі, то проста нашы электрасеткі не вытрымаюць нагрузку. Для Беларусі гэта міф і ўтопія”.
Акумулятара, дзякуючы якому і ездзіць электрамабіль, хапае прыкладна на 150 кіламетраў. Таму найбольш актуальная праблема для яго – гэта падзарадка. У “Рэно” Еўрарадыё запэўнілі, што электракар можна цалкам зарадзіць энергіяй за 6-8 гадзін, калі машына стаіць ноччу пад домам або ў гаражы. Праўда калі гаража ці паркоўкі з разеткай побач няма або батарэя разрадзіцца ў сярэдзіне дня, вам не абысціся без спецыяльных пунктаў падзарадкі або замены акумулятара. А іх у Беларусі пакуль няма.  
А вось у Вялікабрытаніі, якая  рыхтуецца да пераходу на электрамабілі, зарадачныя пункты ўжо існуюць, а павелічэннем іх колькасці цяпер актыўна займаюцца ўлады, паведаміла ВВС Маргарэт Фэй з Агенцтва рэгіянальнага развіцця.
Маргарэт Фэй: “Мы ужо дамовіліся з 40 рознымі кліентамі ці партнёрамі (можна па рознаму іх называць), якія згадзіліся і хочуць удзельнічаць у гэтай праграме. То бок яны згадзіліся ўсталяваць пункты зарадкі ў сваіх арганізацыях, то бок каля супермаркетаў, гатэляў, офісных будынкаў, паўсюль. А мы аплачваем палову выдаткаў на будаванне неабходнай інфраструктуры”.
Фінансавую падтрымку вытворцаў і пакупнікам электрамабіляў абяцаюць і ў іншых краінах. Напрыклад у Германіі, якая збіраецца перайсці на электракары ў 2013 годзе, кожнаму іх уладальніку ўлады выплацяць пэўную суму грошаў. Масавы выпуск экалагічна чыстых аўтамабіляў падтрымаў і прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс, таму ізраільцяне перасядуць у электракары ўжо ў наступным годзе.
А вось у Беларусі падобных праграм фінансавай падтрымкі электрамабіляў пакуль няма. І невядома, ці цягам 10 бліжэйшых гадоў увогуле з’явіцца, даведалася Еўрарадыё ад начальніка Аддзела рэгулявання ўздзеяння на атмасферу і азонавы слой Мінпрыроды Андрэя Піліпчука.
Андрэй Піліпчук: “У новай стратэгіі людзі, якія будуць яе распрацоўваць, могуць звярнуць увагу на гэты від транспарту. А што будзе ў выніку іх высноваў, невядома. Гэта стане вядома толькі ў канцы года, калі яны пакладуць нам на стол стратэгію гатовую, дзе прааналізуюць гэты аспект і скажуць, ці трэба яго ўключаць”.
Праўда тэндэр на экспертаў, якія павінны аналізаваць досвед заходніх краінаў у выкарыстанні электракараў і вызначаць перспектывы развіцця гэтага напрамку ў Беларусі, яшчэ нават не праводзіўся.
 
Паколькі ўлады не вельмі зацікаўленыя пераходам на экалагічна чыстыя машыны, то іншыя буйныя аўтакампаніі, акрамя “Рэно”, таксама не спяшаюцца гандляваць электракарамі ў нашай краіне. Як даведалася Еўрарадыё, экалагічных  “Нісанаў” і “Фольксвагенаў” у бліжэйшыя 5 гадоў у Беларусі не з’явіцца. 
Супрацоўнік Аддзела маркетынга “Фольксваген” у Беларусі: “Пакуль мы не плануем завозіць электрамабілі ў Беларусь. Гэта звязана са спецыфікай рынка, пакупнікі не гатовыя набываць іх. Да таго ж, калі параўноўваць якая ўвага надаецца экалогіі і патрабаванням па экалагічнасці аўтамабіляў у Еўропе і ў нас, то розніца вельмі вялікая”.
Вось так выглядаюць электракары, якія абяцаюць прывезці ў Беларусь праз 2 гады:
Так выглядаюць зарадачныя слупы ў Вялікабрытаніі:
А вось і сама разетка:
Фота: solar.calfinder.com, renault-ze.com, electriccarsite.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі