Беларусы не могуць зайсці на сайт нью-ёркскай біржы. З-за хакераў?
Беларусам забаронена заходзіць на сайт амерыканскай фондавай біржы NYSE (The New York Stock Exchange), якая знаходзіцца ў Нью-Ёрку на Уол-стрыт.
Пры спробе зайсці на сайт выбіваецца наступнае: “Памылка 1009. Доступ зачынены. Уладальнік гэтага вэб-сайта (www.nyse.com) забараніў краіне ці рэгіёну, да якога належыць ваш IP-адрас (BY), доступ да гэтага вэб-сайта”.
На беларускай валютна-фондавай біржы Еўрарадыё распавялі, што нічога не ведаюць пра блакаванне доступу да біржы.
Аналітык кампаніі Альпары Вадзім Іосуб лічыць, што гэта можа быць звязана з хакерскімі атакамі.
“Гэта можа быць звязана з тым, што з нашых IP-адрасоў, магчыма, ідуць DDOS-атакі, хакерскія атакі. Гэта магло стаць прычынай блакіроўкі. То бок гэта не палітычныя, не санкцыйныя прычыны. Напэўна, у нас не такі вялікі пул IP-адрасоў, усе належаць Белтэлекаму, таму, калі адтуль ідуць атакі, то адключэнне Белтэлекама, па сутнасці, азначае адключэнне ўсёй краіны”.
Аналітык распавёў, што правяраў доступ з украінскага і расійскага IP-адрасоў. З Украіны на сайт біржы зайсці таксама немагчыма.
Па думку Іосуба, беларускія ўлады наўрад ці будуць ведаць, чаму доступ да біржы заблакаваны.