Беларусы не збілі літоўскі верталёт "з гуманных меркаванняў"

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, парушальніка аператыўна заўважылі, былі прыведзены ў гатоўнасць № 1 сілы Супрацьпаветранай абароны і Ваенна-паветраных сілаў. Беларусы звязаліся з Цэнтрам кантроля паветранай прасторы Ваенна-паветраных сілаў Літвы. У выніку было высветлена, што ў Беларусь заляцеў верталёт Еurocopter 120, які выконваў палёт па маршруце Вільня — Варшава.


"Улічваючы атрыманую інфармацыю, а таксама складаныя метэаўмовы для грамадзянскага паветранага судна і з гуманных меркаванняў, у цэнтры якіх зберажэнне чалавечага жыцця" было вырашана верталёт не збіваць. Інфармацыю пра інцыдэнт перадалі ў МЗС Беларусі "для прыняцця адэкватных мераў рэагавання", адзначае прэс-служба Мінабароны Беларусі.
 

Нагадаем, што сёння стала вядома пра завяршэнне Камітэтам дзяржаўнай бяспекі расследавання справы пра "цацачны дэсант". 4 ліпеня 2012 года лёгкаматорны грамадзянскі самалёт з двума шведскімі лётчыкамі прыляцеў з тэрыторыі Літвы. Ён раскідаў над Мінскам і Івянцом плюшавых мядзведзікаў з заклікамі да свабоды прэсы ў краіне, і паспяхова вярнуўся ў Літву.


За гэты інцыдэнт кіраўнік Беларусі звольніў старшыню Памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і войскамі СПА Дзмітрыя Пахмелкіна. Памежніка-прапаршчыка, які не паведаміў пра парушэнне дзяржмяжы, асудзілі на два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Фота — wallpapers.free-review.net
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі