Беларусы прапаноўваюць літоўцам удзел у фінансавай пірамідзе?
У літоўскіх СМІ сталі рэкламаваць беларускую кампанію Budrigan investment.
Яна прапануе за вельмі прывабныя працэнты інвеставаць грошы. Таксама кампанія прапаноўвае пакласці грошы літоўцаў на рахункі ў банкі Расіі, Беларусі ці Украіны.
Беларусы сцвярджаюць, што за сабраныя сродкі будуць развіваюць праекты з нерухомасцю ў сваёй краіне. Кампанія гарантуе, што сродкі не згараць, і абяцае за год павялічыць суму на 15%.
Прадстаўнік кампаніі сказаў парталу 15min.lt, што мінімальная сума ўкладу павінна складаць 5 тысяч долараў.
На сайце Budrigan investment пазначана, што за трэці квартал 2013 года кампанія ўжо прыцягнула амаль 49 мільёнаў долараў ЗША і выплаціла працэнты ў памеры 2,5 млн долараў. У 2014 годзе кампанія плануе прыцягнуць ўклады ў памеры 400 мільёнаў долараў у банкі і 1,2 мільярда долараў на інвестыцыйныя праекты.
Банк Літвы не выдаваў дазволу гэтай кампаніі на збор укладаў у Літве. Спецыялісты ў галіне інвеставання заўважаюць — такія прапановы часцей за ўсё сканчаюцца крадзяжом буйных сумаў грошай.