Беларусы Швейцарыі збіраюць грошы на помнік Касцюшку
У швейцарскім горадзе Салатурн плануецца ўсталяваць двухметровую бронзавую скульптуру славутага ўраджэнца Беларусі Тадэвуша Касцюшкі. Менавіта ў гэтым горадзе скончылася жыццё вядомага паўстанца.
Як паведамляе тэлеканал "Белсат", праект каштуе калі 9000 долараў ЗША. У гэтыя выдаткі, паводле звестак Асацыяцыі беларусаў у Швейцарыі, уваходзяць матэрыял, праца скульптара, транспартаванне і падрыхтоўка суправаджальных дакументаў, усталяванне статуі, а таксама ўрачыстае адкрыццё помніка.
Цырымонію ўрачыстага адкрыцця плануюць правесці 15 кастрычніка 2017, у 200-я ўгодкі з дня смерці Касцюшкі. Побач з помнікам будуць усталяваны інфармацыйныя шыльды на беларускай, нямецкай і польскай мовах.
Паўдзельнічаць у ахвяраванні сродкаў можна не толькі ў Швейцарыі, але і ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі — напрыклад, праз краўндфандынгавую платформу talaka.by.