“Белая Русь”: прэзідэнцкія выбары стануць для нас момантам ісціны
Пра гэта заявіў журналістам старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Радзькоў.
Паводле Радзькова, аб’яднанне пакуль не будзе станавіцца партыяй. Яго дзейнасць скіраваная на кансалідацыю грамадзянскай супольнасці.
“Адзін з момантаў гэтай кансалідацыі — будучыя прэзідэнцкія выбары. Яны стануць для нас момантам ісціны”, — падкрэсліў ён.
Радзькоў адзначыў, што развіццё грамадзянскай супольнасці з’яўляецца “адной з умоваў устойлівага развіцця незалежнай Беларусі”. Паводле яго словаў, “усведамленне гэтага разгарнула арганізацыю”, у якую цяпер уваходзіць каля 150 тысяч чалавек.
“Белая Русь” мяркуе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах праз “маніторынг насельніцтва”. Людзям маюць распавесці, “што для іх станоўчага зрабіла дзяржава”. Дзеля гэтага асабіста Аляксандр Радзькоў гатовы выкарыстаць досвед працы ў камандзе дзеючага кіраўніка дзяржавы, атрыманы на мінулых выбарах у 2010 годзе.
15 лістапада ў Мінску праходзіць пашыранае паседжанне рэспубліканскай рады РГА “Белая Русь”, у якім бярэ ўдзел каля 400 чалавек, паведамляе БелаПАН.