"Белнафтахім" працягвае перамовы з Казахстанам наконт паставак нафты
Канцэрн "Белнафтахім" працягвае перамовы з кампаніямі Казахстана наконт паставак нафты. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавялі ў прэс-службе канцэрна.
"У Казахстане адбыліся прадметныя перамовы аб пастаўках нафты, былі праведзеныя сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства энергетыкі Казахстана і галіновымі кампаніямі", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Канцэрн працягвае перамовы з кампаніямі, якія могуць стаць пастаўшчыкамі нафты, абмяркоўвае аб'ёмы і лагістыку паставак.
Для падпісання пагаднення па нафце патрабуецца правесці шэраг адміністрацыйных працэдур з боку Казахстана. Таму беларускі бок не можа сказаць, калі гэтае пагадненне будзе падпісанае.
Раней Аляксандр Лукашэнка ўпаўнаважыў урад на перамовы з Казахстанам па пастаўках нафты. Падпісаць адпаведнае пагадненне мае права першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой.
Расія з 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, бо краіны не дамовіліся пра ўмовы. На перамовах 7 лютага ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін не дамовіліся пра зніжкі на нафту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.