"Белсат": у польскіх арганізацыях Брэста прайшлі ператрусы
У польскіх арганізацыях Брэста — "Брэсцкім форуме польскіх лакальных ініцыятываў" і "Польскай школе" прайшлі ператрусы, паведамляе "Белсат".
Напярэдадні пракуратура Брэсцкай вобласці пачала крымінальную справу па факце "гераізацыі ваенных злачынцаў".
Польска-беларускі дыпламатычны скандал разгарэўся апошнімі днямі. Беларусь выслала польскага консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка за тое, што ён прыняў удзел у святкаванні "Дня выклятых салдатаў". У гэты дзень палякі ўшаноўваюць памяць жаўнераў Арміі Краёвай, якія не склалі зброю пасля перамогі над нацызмам, а працягвалі змагацца з камуністамі за незалежную Польшчу.
Беларускі бок акцэнтуе ўвагу на тым, што ў шэрагах гэтых салдатаў быў атрад Рамуальда Райса-"Бурага". Ён адзначыўся ваеннымі злачынствамі на Беласточчыне: спаліў пяць беларускіх вёсак і забіў некалькі дзясяткаў чалавек па этнічнай прыкмеце.
Беларускія ўлады атаесамляюць усю польскую паваенную партызанку з дзеяннямі банды Райса-"Бурага".
У паведамленні пракуратуры сцвярджаецца, што ў Брэсце маладыя людзі ў форме польскіх скаўтаў выконвалі песні і чыталі вершы, праслаўляючы ваенных злачынцаў, у тым ліку Райса-"Бурага".
Пасля высылкі польскага консула МЗС Польшчы заявіла, што ў адказ вышле беларускага дыпламата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.